У Беларусі на 9 траўня зарэгістравана 22 052 (+951) чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Ачунялі і выпісаныя 6050 (+566) пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Памерлі 126 (+5) пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Усяго праведзены 251 771 тэст.
На ШВЛ больш за 200 чалавек
У 80% усіх тых, хто захварэў на COVID-19, хвароба працякае лёгка, а траціна і зусім не заўважыць, як перанясе яе. Гэта сёння ў эфіры БТ расказала дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольга Святліцкая.
Яна адзначыла, што сёння ў краіне на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзяцца крыху больш за 200 чалавек з пнеўманіяй, з іх 140 чалавек — з пацверджаным COVID-19.
Спецыяліст адзначыла, што такія апараты — не панацэя ў лячэнні пнеўманіі, піша n*.by.
«Усе раз’ехаліся. Няма каму праводзіць»
Такі адказ дала прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Ваніна на пытанне журналістаў, ці адбудзецца 8 мая камунікацыя адказных асоб Міністэрства з журналістамі.
Апошні раз брыфінг у Міністэрстве адбыўся 24 красавіка. Тады намесніца міністра Алена Богдан зачытала падрыхтаваную інфармацыю і адмовілася адказваць на пытанні карэспандэнтаў.
Перад тым прэс-канферэнцыя адбылася 17 красавіка з удзелам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. На ёй ён і яго калегі прыкладна 45 хвілін выступалі з уступнымі словамі, пасля чаго каля 10 хвілін адказалі на некалькі пытанняў журналістаў — пры гэтым выбіралі самі, хто можа задаць пытанні.
Тая прэс-канферэнцыя скончылася пратэстамі. Сын памерлага ў Барысаве фельчара звінаваціў міністра ў хлусні наконт яго бацькі. Міністр заявіў, што ў прычыне смерці гэтага медработніка яшчэ трэба разабрацца, на што сын прадэманстраваў пасведчанне аб смерці таты з указаным у ім COVID-19.
Акрамя таго, журналісты выявілі, што названыя міністрам Каранікам лічбы хворых па раёнах Віцебскай вобласці ў разы разыходзяцца з колькасцю, абвешчанай у той жа дзень мясцовымі ўладамі, піша n*.by.