Раніцай 8 траўня да актывіста Мікалая Саляніка прыйшла міліцыя. Гродзенец лічыць, што гэта звязана з яго актыўнай падтрымкай блогера Сяргея Ціханоўскага — аўтара канала «Краіна для жыцця», які вырашыў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Таксама міліцыя прама з працы забрала іншую прыхільніцу Ціханоўскага — Алену Сахарчук. Яе адвезлі ў Ленінскі РАУС.
«Раніцай прыйшлі супрацоўнікі і стукаюць у дзверы, — кажа Мікалай Салянік. — Я не адкрываю, а яны кажуць, што прыйшлі пагутарыць. Не веру. Яшчэ раней мне патэлефанавала знаёмая, дык яе з працы забралі супрацоўнікі міліцыі. Яна таксама выходзіла ў падтрымку Ціханоўскага».
Мікалай Салянік лічыць, што міліцыя затрымлівае актывістаў,
якія прыходзілі на сустрэчу з Ціханоўскім, калі ён прыязджаў у Гродна 26 красавіка. А таксама тых, хто быў на сустрэчы салідарнасці 6 траўня, калі Ціханоўскага затрымалі.
«Ціханоўскі ім не падабаецца, вось і пачынаюць людзей палохаць. Тым больш сёння 8 мая — дзень, калі агучылі дату прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў актывіст.