Каля 20 гродзенцаў увечары 6 мая сабраліся ў парку Жылібера ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага – аўтара канала «Страна для жизни». Яго ў той дзень затрымала міліцыя ў прыгарадзе Магілёва.

Блогер падчас затрымання вёў стрым. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў канала прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.

У Гродне падпісчыкі Ціханоўскага сабраліся ў парку Жылібера. Прыйшло каля 20 чалавек. За імі пільна сачылі каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага гродзенцы вырашылі сабрацца ў іншым месцы.

«Сяргей Ціханоўскі робіць добрую справу, – распавядае Алена С. – Мы яго падтрымліваем і перажываем. Нам неабыякава, што з ім адбываецца. І сёння мы выйшлі ў Гродне ў знак салідарнасці, так робяць людзі па ўсёй Беларусі. Не паспелі мы сабрацца, як за намі пачалі сачыць супрацоўнікі міліцыі».

Падтрымаць блогера Ціханоўскага ў цэнтры Гродна выйшлі 20 чалавек

«Мы за салідарнасць, – распавядае грамадзянскі актывіст Мікалай Салянік. – Сабраліся, каб падтрымаць Сяргея. Мы яго падтрымліваем, паважаем, падтрымліваем яго палітыку. Ён сапраўдны патрыёт. Жадаем, каб яго хутчэй выпусцілі. Я думаю, цяпер будзе з кожным днём людзей усё больш выходзіць».

https://www.youtube.com/watch?v=lqRNkpTVacE
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]