На 1 траўня ў Беларусі пацверджана 14 917 выпадкаў каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі Беларусі ачунялі і выпісаныя 2918 пацыентаў, 93 чалавекі памерлі.

За суткі выяўлена 890 новых выпадкаў COVID-19, чатыры чалавекі памерлі, 532 чалавекі ачунялі і выпісаныя. Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў складае 8% ад колькасці праведзеных тэстаў: усяго праведзена 186 262 тэсты.

На 29 красавіка ў Гродзенскім раёне зарэгістраваны 259 чалавек з пацверджаным COVID-19, звестак па вобласці не агучвалі.

Чаму ў Беларусі цяпер такі прырост новых выпадкаў COVID-19 і што ў суседніх краінах

Штодень у Беларусі выяўляюць больш новых выпадкаў заражэння COVID-19 на 1 мільён насельніцтва, чым у суседзяў. За апошнія суткі выяўлена 890 новых выпадкаў, 30 красавіка — 846, і гэта было менш, чым у папярэднія дні (29 красавіка — 973 новыя выпадкі, 28 красавіка — 919). Міністэрства аховы здароўя лічыць сітуацыю з каранавірусам кантраляванай і тлумачыць рост выпадкаў колькасцю праведзеных тэстаў.

Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў кажа, што адной з вядучых прычын хуткага развіцця эпідэміі ў нашай краіне з’яўляецца адсутнасць адэкватных мер фізічнага дыстанцыяваньня, піша t*t.by.

СААЗ: Беларусь на пераломным этапе, неадкладна патрэбныя новыя меры

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у краіне назіраецца ўстойлівы рост колькасці новых выпадкаў COVID-19 на працягу апошніх 4,5 тыдняў. Тэмп прыросту — адзін з самых высокіх у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ.

З улікам колькасці насельніцтва краіны, у Беларусі і суседніх краінах сытуацыя на 1 траўня выглядае так (паводле дадзеных Універсітэта Джонса Хопкінса):

  • Беларусь: 1 585 выпадкаў на мільён, памерлі 93 чалавекі,
  • Расія: 779 выпадкаў на мільён, памерлі 1169 чалавек,
  • Украіна: 260 выпадкаў на мільён, памерлі 272 чалавекі,
  • Польшча: 336 выпадкаў на мільён, памерлі 644 чалавекі,
  • Літва: 501 выпадак на мільён, памерлі 45 чалавек,
  • Латвія: 456 выпадкаў на мільён, памерлі 16 чалавек.

— Ва ўмовах адсутнасці адэкватных мер фізічнага дыстанцыявання, у нас няма падстаў ў бліжэйшы час чакаць пералому ў плыні эпідэміі і звароту яе назад, — патлумачыў прадстаўнік СААЗ.

Нават прымаючы пад увагу магчымасці лабараторнай дыягностыкі, па колькасці выпадкаў на 1 мільён насельніцтва Беларусь апярэджвае краіны Балтыі, Фінляндыю, Славакію.

Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамендацыі СААЗ

Хроніка каранавіруса ў Гродне