З 1 траўня ў Беларусі на 2,88% (а менавіта: на 6 рублёў 91 капейку — да 246,78 рубля) расце бюджэт пражытковага мінімуму. Гэты памер БПМ будзе дзейнічаць бліжэйшыя тры месяцы, да 1 жніўня 2020 года, піша euroradio.fm.
Змена Бюджэту пражытковага мінімуму прадугледжаная пастановай Мінпрацы № 38 ад 23 красавіка 2020 года.
Прапарцыйна БПМ з 1 траўня вырастуць мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацабароне, а таксама надбаўкі і павышэнні надбавак да пенсій і даплаты людзям старэйшых узростаў. Таксама да Бюджэту пражытковага мінімуму прывязаныя дапамогі па даглядзе за інвалідам I групы ці за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, і дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Бюджэт пражытковага мінімуму — вартасная велічыня неабходных для захавання здароўя чалавека, забеспячэння яго жыццядзейнасці мінімальнага набору прадуктаў харчавання і нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковых плацяжоў і ўнёскаў. БПМ пераглядаецца кожныя тры месяцы. У мінулы раз ён змяняўся з 1 лютага. Тады гэты паказчык вырас на 8,04 рубля — да 239,87 рубля.