Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік падпісаў пастанову аб сьпісе інфэкцыяў, за працу зь якімі мэдыкі мусяць атрымаць надбаўкі да заробкаў. Дакумэнт апублікавалі 23 красавіка, ён распаўсюджваецца на працоўныя стасункі, якія ўзьніклі ад 1 красавіка, піша «Радыё Свабода».

Штомесячны дадатак да заробку работнікаў бюджэтных установаў аховы здароўя даецца за працу ва ўмовах, зьвязаных зь пяцьцю інфэкцыямі:

  • COVID-19;
  • блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром (MERS);
  • халера;
  • чума;
  • гемарагічная ліхаманка Эбола.

Колькі мусяць даплаціць

Гэта рэгулюе не пастанова Мінздароўя, а ранейшы ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ўказу ад 16 красавіка, штомесячныя надбаўкі абяцаюць такія:

  • за дапамогу пацыентам у амбуляторных умовах: лекарам — 1000 рублёў, мэдычным работнікам зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй — 500 рублёў, іншым працаўнікам — 300 рублёў;
  • за працу ў інфэкцыйных аддзяленьнях, прыёмных аддзяленьнях лякарняў, санітарна-эпідэміялягічных арганізацыях у асяродках інфэкцыі, на памежных пераходах і санітарна-карантынных пунктах, у лябараторыях з дасьледаваньнем на вірусныя інфэкцыі, кабінэтах рэнтгену і кампутарнай тамаграфіі, патолягаанатамічных аддзяленьнях — 1500 / 1300 / 900 рублёў;
  • у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, рэанімацыі, анэстэзіялёгіі, на «хуткай дапамозе» — 3000 / 2000 / 1000 рублёў;
  • у пераведзеных на закрыты 3-зьменны рэжым працы аддзяленьнях рэанімацыі і анэстэзіялёгіі, лябараторыях з дасьледаваньнямі на вірусныя інфэкцыі — 4000 / 3000 / 1500 рублёў.

Месяц даму мэдыкам ужо ўводзілі даплаты за працу, зьвязаную з каранавірусам, але нават у Палаце прадстаўнікоў адзначалі, што тыя даплаты былі надзвычай нізкія — выходзіла 25−30 рублёў.


«Калі ляжа хуткая, ляжа краіна». Кіроўца з Гродна расказаў, як хуткая дапамога працуе падчас пандэміі, якой быццам бы няма

Да 18 выклікаў на дзень. Як змянілася работа ўрача ў паліклініцы праз каранавірус