19 красавіка з’явіліся чуткі пра новы ачаг каранавіруса ў Гродне ў абласным кардыялагічным цэнтры на вуліцы Болдзіна. Афіцыйна гэта пакуль не атрымалася ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Супрацоўнік кардыяцэнтра ананімна распавёў Hrodna.life, што койкі, выдзеленыя для заражаных каранавірусам, вольныя. Усе працуюць у штатным рэжыме.

Інфармацыя аб заражэнні ў кардыяцэнтры з’явілася спачатку ў тэлеграм-каналах.

«У кардыяцэнтры на вуліцы Болдзіна пазаўчора выявілі каранавірус. Уся змена, якая працавала 17 красавіка (лекары, медсёстры і іншы персанал), засталася дома. Ім сказалі нікуды не выходзіць. Да іх прыязджалі ўжо на дом „касманаўты“ з санэпідстанцыі», — паведамляе адзін з папулярных тэлеграм-каналаў.

Пацвердзіць інфармацыю не ўдалося

У прыёмнай галоўнага ўрача кардыяцэнтра адказалі, што яго няма на месцы. Акрамя яго, такую інфармацыю ніхто не можа даць.

На сайце Гродзенскага гарвыканкама ёсць нумары гарачых тэлефонных ліній па пытаннях каранавіруснай інфекцыі для жыхароў Гродзенскай вобласці. Абяцаюць, што тут адкажуць на пытанні па эпідсітуацыі і мерах прафілактыкі. Мы спрабавалі даведацца інфармацыю па іх. Па першым тэлефоне спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя адказалі, што яны могуць расказаць толькі пра прафілактычныя прышчэпкі.

Па другім нумары паведамілі, што інфармацыю аб ачагу ў кардыяцэнтры можа пацвердзіць толькі намеснік лекара па медыцынскай частцы гродзенскай «інфекцыёнкі». Яе на месцы не аказалася — ніхто не зняў слухаўку.

У кардыяцэнтры будуць прымаць заражаных?

18 красавіка «Наша Н**а» апублікавала інфармацыю, што ў кардыялагічным цэнтры Гродна рыхтуюцца прымаць інфіцыраваных COVID-19. Дакумент пра гэта з’явіўся ў адным телеграм-канале. Дактарам неабходна падпісаць згоду.

«Адсутнасць вашай выяўленай пісьмовай згоды на працяг працоўных стасункаў будзе расцэненая наймальнікам як адмова ад працягу працы ў сувязі са змяненнем істотных умоў працы», — гаворыцца ў дакуменце.

Вылучылі тры койкі

Супрацоўнік кардыяцэнтра распавёў Hrodna.life, што такі дакумент сапраўды падпісвалі.

— Бо працуем у кардыялогіі, а профіль змяняецца бліжэй да інфекцыйнай бальніцы, — тлумачыць ён. — Людзі хвалююцца, але панікі няма. Пра аддзяленні ўсёй бальніцы не скажу, а рэанімацыя у поўным узбраенні.

Па словах медыка, рэанімацыю падзялілі на дзве зоны: чыстую і брудную. Цяпер пад заражаных каранавірусам вылучаныя тры койкі з дванаццаці - гэта значыць, асобны пост. У наяўнасці 12 апаратаў ШВЛ, апарат ШВЛ з хірургічнай рэанімацыі, наркозныя апараты.

— Тры койкі - гэта не мала? Як гэта дапаможа ў агульным маштабе

 — Калі трэба, будзе задзейнічана ўсё аддзяленне. Калі пачнецца паток, я думаю, і хірургічная рэанімацыя далучыцца, — кажа супрацоўнік.

Пакуль койкі вольныя

19 і 20 красавіка, калі з’явілася інфармацыя пра нібыта заражаных, усе ложкі былі вольныя, кажа супрацоўнік. Ніхто з персаналу на самаізаляцыі не знаходзіцца — працуюць у штатным рэжыме.

 — А ці магло быць такое, што ў пацыента, які ляжаў па іншай праблеме, раптам знайшлі каранавірус, а потым перавялі яго кудысьці? Напрыклад, у інфекцыйную бальніцу?

— У нас вузкі профіль, і хворых пасля рэанімацыі перавяводзяць ў кардыялагічнае аддзяленне, дзе яны знаходзіцца яшчэ 10 дзён. Думаю, калі будзе COVID, з нашай бальніцы ён нікуды не дзенецца, за 10 дзён аналіз дакладна будзе гатовы, і не раз.

Суіцыд у кардыяцэнтры

20 красавіка стала вядома, што ў Гродзенскім кардыялагічным цэнтры павесіўся пацыент. Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці мужчыны, піша С**бода.

Паводле інфармацыі Гродзенскага сайта s13.ru, 68-гадовы мужчына павесіўся ноччу 19 красавіка ў палаце кардыялагічнага цэнтра. Яго знайшла санітарка. Гродзенец паступіў у кардыяцэнтр з інфарктам больш за тыдзень таму. Пазней у яго выявілі пнеўманію. 18 красавіка пацыента ізалявалі ў асобную палату і ўзялі ў яго мазок на COVID-19, вынікі якога яшчэ невядомыя.

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life