Адчынены два боксы з каўбасамі і хлебам ад СВК, дзве кропкі раённых філіялаў аблспажыўтаварыства. Прыватнікаў з мясам няма. Цэнтральны рынак у Гродне, на якім знайшлі каранавірус, працягвае працаваць.

20 красавіка стала вядома, што сярод адміністрацыі Скідзельскага рынку ёсць хворыя на COVID-19. Гэта пацвердзілі ў абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Як бачна на відэа, раніцай працоўнага дня 21 красавіка амаль усе месцы пустуюць. Відэа з hrodna.life падзяліліся супрацоўнікі рынку.

У боксах адкрыты магазін СВК ім. Сянько з каўбасамі (Абухава) і хлебны ад СВК «Прагрэс-Верцялішкі».

З мясных шэрагаў у зале працуюць дзве кропкі раённых філіялаў аблспажыўтаварыства, прыватных прадаўцоў няма. Гандлююць таксама дзве кропкі з каўбасамі, верагодна, прыватнікі, і дзве — з хлебабулачнымі вырабамі, адна з іх — грузінскі хлеб.

На другім паверсе адкрыты крамкі з прыправамі, арэхамі і прысмакамі.

Паводле інфармацыі ад крыніц на рынку, ужо на выходных некаторыя кропкі не заказвалі дастаўку свежай рыбы і мяса на гэты тыдзень, бо разумелі, што не змогуць прадаць тавар.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, на каранцін сышоў дырэктар Скідзельскага рынку. Гэта можа быць звязана з тым, што ён кантактаваў з загадчыцай Грандзіцкага рынку, якая сышла на каранцін тыдзень таму. Там санэпідэмстанцыя закрыла ўнутрануюю частку рынка з харчовымі кропкамі.

На Скідзельскім таксама зачынілі закусачную, нібыта там захварэла адна з супрацоўніц. Жанчына родам з Абухава, уся яе сям’я ізаляваная. Пра гэта паведаміла крыніца, блізкая да сям'і жанчыны.

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life