Праз каранавірус графік адключэнняў гарачай вады ў Гродне плануюць перагледзець, піша vgr.by. Выпрабаванні трубаў, запланаваныя на 22−24 красавіка, наогул перанясуць на год.
Што тычыцца сезонных прафілактычных адключэнняў, пакуль разглядаюць перанос тэрмінаў толькі для першай зоны.
У Гродне гарачую ваду павінны пачаць адключаць з 13 траўня — з мікрараёнаў Дзевятоўка, Грандзічы, раёна вуліц Мендзялеева, Шчорса і Пралетарскай. Зараз вырашаецца пытанне аб пераносе гэтых адключэнняў на канец лета — з 11 па 25 жніўня.
Ужо вядома, што адключэнне гарачай вады на тры дні, з 22 па 24 красавіка, для выпрабаванняў труб на разліковую тэмпературу, перанясуць на наступны год. Пра гэта паведамілі ў Гродзенскіх цеплавых сетках.
16 красавіка стала вядома, што тэрміны адключэнняў рэкамендуе перанесці Міністэрства ЖКГ, бо без гарачай вады будзе складана выконваць неабходную гігіену падчас эпідэміі. Новы графік адключэнняў апублікуюць да 25 красавіка.
Калі адключаць ацяпленне
Міністэрства ЖКГ рэкамендавала пачаць адключаць ацяпленне ўжо з 23 красавіка — у адпаведнасці з умовамі надвор’я. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар гарадскога аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Савашэвіч, піша grodnonews.by.
Рашэнне аб адключэнні ацяплення ў жылых дамах прымаюць мясцовыя ўлады, калі сярэднесутачная тэмпература паветра захоўваецца не менш за +8 градусаў.