У горадзенскім кардыялягічным цэнтры засіліўся пацыент. Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці мужчыны, піша Свабода.

Паводле інфармацыі горадзенскага сайта s13, 68-гадовы мужчына павесіўся ноччу 19 красавіка ў палаце кардыялягічнага цэнтру. Яго знайшла санітарка. Гарадзенец паступіў у кардыяцэнтар з інфарктам больш за тыдзень таму. Пазьней у яго выявілі пнэўманію. 18 красавіка пацыента ізалявалі ў асобную палату і ўзялі ў яго мазок на COVID-19, вынікі якога яшчэ невядомыя.

У Сьледчым камітэце пацьвердзілі факт здарэньня. Як паведаміла Б***ПАН афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Горадзенскай вобласьці Іна Пазьняк, Горадзенскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці 68-гадовага мужчыны. Высьвятляюць усе абставіны таго, што адбылося. Паводле папярэдніх дадзеных, сьмерць ня мае крымінальнага характару. Прызначылі неабходныя экспэртныя дасьледаваньні.

Як паведамілі Б***ПАН у горадзенскім кардыялягічным цэнтры, галоўнага лекара, які мог бы пацьвердзіць або абвергнуць здарэньне, пакуль няма на месцы.