Захваральнасць на COVID-19 у Беларусі павінна знізіцца ў наступныя тры-чатыры тыдні. Такі погляд выказала намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Натальля Жукава, піша Радыё С**бода.
«Цягам двух-трох тыдняў сітуацыя не скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе, — сказала Наталля Жукава 19 красавіка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ. — Але хацела б адзначыць, што сітуацыя кіраваная. Ёсіць перадумовы думаць, што захваральнасць павінна зніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».
Паводле яе, Міністэрства аховы здароўя можа рабіць такую выснову, паколькі адсочвае захваральнасць на рэспіраторныя інфекцыі, а каранавірус адносіцца да групы, якая выклікае падобныя захворванні.
Яна адзначыла «вялікую працу», якая праводзіцца ў лакалізацыі асяродкаў COVID-19.
«Кожны выпадак каранавіруснай інфекцыі разглядаецца як асяродак, і ў абавязковым парадку ажыццяўляецца пошук кантактаў. Такім чынам мы перарываем ланцужок распаўсюджвання віруса — гэта абавязковая ўмова для стрымлівання эпідпрацэсу», — падкрэсліла галоўная дзяржаўная санітарная доктарка.
Жукава адзначыла, што існуюць бессімптомныя або лёгкія выпадкі COVID-19, якіх выпраўляюць дамоў на «амбулаторнае лекаванне». Пра такія выпадкі яна кажа, што «яны не хворыя, яны толькі носбіты», і «знаходзяцца дома, каб не распаўсюджваць хваробу». Ім выдаецца бальнічны ліст, а таксама «досыць строга» правяраецца выкананне рэжыму самаізаляцыі.
Наталля Жукава заклікала ўсіх заставацца дома, а калі і выязджаць, то не пашыраць колькасць кантактаў.
Тыдзень таму прагназавалі яшчэ «два-тры тыдні» па 340−360 выпадкаў на дзень
Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан на брыфінгу 14 красавіка <разважала: у апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340−360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца — гэта значыць, што распаўсюд віруса не паскараецца. На падставе трох дзён яна прыйшла да высновы, што такая сітуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў».
Ніжняя мяжа «прагнозу Богдан» — 4760 новых выпадкаў, верхняя — 7560 новых выпадкаў. Агульная колькасць выпадкаў, згодна такому прагнозу, магла неўзабаве дасягнуць 8041−10 841 выпадкаў.
Але на наступны дзень пасля заявы Богдан у Беларусі выявілі 447 новых выпадкаў, празь дзень — 476, праз два дні — 575, праз тры дні перасталі паведамляць колькасць новых выяўленых выпадкаў і агульную колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі.
На 19 красавіка вядома толькі, што ў Беларусі 47 чалавек прызнаныя памерлымі ад COVID-19, а 494 пацыенты выпісаныя здаровымі.