У сярэдзіне красавіка на сайце дзяржзакупак з’явіліся тэндэры на закупку бальніцамі герметычных пластыкавых пакетаў для ўпакоўкі трупаў. На гэтыя пазіцыі звярнулі ўвагу журналісты. Як высветліла «Радыё С**бода», закупкі пакетаў былі планавымі. А вось закупка такіх пакетаў пахавальнымі бюро стала пазапланавай і абавязковай.

Пакет патрэбен толькі для транспарціроўкі

Новыя патрабаванні да дастаўкі памерлых у морг былі прад’яўленыя пахавальным бюро каля месяца таму. Пра гэта распавёў Hrodna.life заснавальнік ТДА «Гродзенскі Рытторг-сэрвіс» Сяргей Барысевіч.

«Некалькі тыдняў таму нам паведамілі, што цяпер трупы ў морг будуць прымаць толькі ў аднаразовым герметычным пакеце. Цяпер,
калі наша брыгада прыязджае забіраць памерлага, яго адразу кладуць у спецыяльны пакет, потым вязуць у морг».

Пакет выкарыстоўваецца толькі для транспарціроўкі цела, у моргу пакет утылізуюць. Пахаванне праходзяць як і раней, без зменаў.

Рытуальшчыкаў абавязалі прывозіць целы ў морг толькі ў спецыяльных пакетах

Сяргей Барысевіч адзначыў, што раней такія пакеты выкарыстоўвала, напрыклад, судмедэкспертыза, калі гаворка ішла пра «заляжалыя» трупы, якія ўжо пачалі раскладацца. Для звычайных выпадкаў такіх патрабаванняў раней не было, цела перавозілі ў звычайнай вопратцы.

Існаванне новых правілаў пацвердзіў і дырэктар Гродзенскага пахавальнага дома Юрый Талакевіч.

«Прыйшло распараджэнне. Праблем з купляй пакетаў няма, купілі оптам у Мінску. Зараз усе карыстаюцца пакетамі, хоць раней яны былі нікому не патрэбныя».

Талакевіч таксама адзначыў, што пакуль у Гродне і вобласці сам працэс пахавання праходзіць без змен.

Як змяніліся пахаванні людзей, якія памерлі ад каранавіруса

Мінздароўя выдала рэкамендацыі, як хаваць людзей, якія памерлі ад каранавірусной інфекцыі.

Цела памерлага ў моргу праходзіць дэзінфекцыю. Бальзамаванне не рэкамендуецца, каб пазбегнуць празмерных маніпуляцый з целам. Асобы, памерлыя ад інфекцыі COVID-19, могуць быць пахаваныя або крэміраваныя. Рашэнне аб гэтым прымаюць сваякі з улікам сямейных традыцый, а таксама апошняга волевыяўлення нябожчыка.

Рытуальным службам трэба апранаць маскі і пальчаткі, а таксама мыць рукі з мылам і вадой пасля зняцця пальчатак і завяршэння пахавання.

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Сусветнай Арганізацыяй Аховы Здароўя на дадзены момант, целы памерлых ад інфекцыі COVID-19 не з’яўляюцца крыніцай інфекцыі. Таму крэмацыя не абавязковая.

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life