Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што заражаных каранавірусам грамадзян варта размясціць у абласных бальніцах. Даручэнне ён даў 19 красавіка падчас паездкі ў Смалявіцкі раён, паведамляе БЕЛТА.
На Вялікдзень Аляксандр Лукашэнка наведаў Свята-Благавешчанскі Лядзенскі храм у вёсцы Малыя Ляды. Аднак перад прыбыццём у царкву ён паспеў пагутарыць з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сяргеенкам і старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як развіваецца сітуацыя з каранавірусам у цэлым па краіне і ў цэнтральным рэгіёне ў прыватнасці. Як далажылі Прэзідэнту, сітуацыя стабільная, рэзкага ўсплёску захворвання не адзначаецца.
«Спадзяемся, што тэндэнцыя будзе да зніжэння. У мяне літаральна за суткі адсоткаў на трыццаць менш тых, хто захварэў на пнеўманію», — праінфармаваў губернатар. Паводле яго слоў, у абласныя ўстановы ўжо паступілі кітайскія медпрэпараты, якія пры лячэнні каранавіруса на ранніх стадыях даюць добры эфект.
«Будзем спадзявацца, што сітуацыя будзе развівацца вось так, як цяпер», — ацаніў абстаноўку прэзідэнт.
У той жа час ён лічыць неабходным перавесці інфіцыраваных COVID-19 з раённых цэнтраў у абласныя — гэта дапаможа лепш кантраляваць сітуацыю і аказваць хворым больш кваліфікаваную дапамогу. Да таго ж з’явіцца магчымасць прывесці ў парадак раённыя бальніцы, зыходзячы з ужо наяўнага вопыту.
«Людзей лепш трымаць у абласных цэнтрах, не ў раёне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.