Першым пра шпіталізацыю 63-гадовага ўладыкі Гурыя (свецкае імя Мікалай Апалька) напісаў Аляксандр Шрамко, святар, якога адхілілі ад службы за крытыку патрыярха Кірыла. Шрамко напісаў, што ў Гурыя каранавірус, а сам архіепіскап знаходзіцца ў рэанімацыі, паведамліла «Наша Н**а» 20 красавіка.
Прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін у каментары «НН» пацвердзіў, што Гурый сапраўды ў бальніцы. Ён адзначыў, што не ведае прычыну, а калі б і даведаўся, то не сказаў бы з этычных перакананняў.
Гурый адначасова з’яўляецца рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі, якая размяшчаецца ў Жыровічах у Слонімскім раёне. Па інтэрнэце гуляе копія дакумента за подпісам мітрапаліта Паўла, у якім адзначаецца, што «ў сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй і шпіталізацыяй архіепіскапа Гурыя» выканцам абавязкаў рэктара прызначаецца протаірэй Генадзь Логін.
Ва ўказе Паўла гаворыцца, што Логін у супрацы з санітарнымі дзяржаўнымі службамі і выкладчыкамі семінарыі павінен забяспечыць дэзынфекцыю ўсіх семінарскіх памяшканняў.
Сам Логін у размове з карэспандэнтам «НН» сказаў, што «былі чуткі» пра шпіталізацыю Гурыя, але нічога дакладна пра гэта не ведае. «Я ж звычайны вясковы святар», — сказаў ён.
«Газеце Слонімскай» атрымалася дазнацца, што Гурый сапраўды ў рэанімацыі. Яму стала кепска падчас велікоднай службы. У яго запаленне лёгкіх і падазрэнне на каранавірус. Выданне спасылаецца на благачыннага Слонімскай акругі айца Вадзіма.
Гурыю 63 гады, ён родам з Полацкага раёна. Епіскапам у Навагрудку стаў у 1996 годзе. Лічыцца адным з найбольш кансерватыўных іерэяў БПЦ.
Адначасова таксама прайшлі чуткі, што на каранавірус мог захварэць епіскап Барысаўскі і Пухавіцкі Веніямін (Віталь Тупека). Маўляў, ён мусіў прысутнічаць на сустрэчы вернікаў з Аляксандрам Лукашэнкам у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна, але не быў дапушчаны.
«НН» атрымалася звязацца з уладыкам Веніямінам. Ён адзначыў, што ў яго няма тэмпературы. «Вы ж чуеце, што ў мяне бадзёры голас. Ёсць лёгкая прастуда, але не больш за тое». Чуткі пра каранавірус Веніямін рашуча абвяргае. «Я не ў бальніцы, цяпер знаходжуся дома, у манастыры», — адзначыў святар.
Заўважым, што ўладыка Веніямін якраз і жыве ў манастыры Дабравешчання Багародзіцы ў Малых Лядах, дзе 19 красавіка на Вялікдзень быў Аляксандр Лукашэнка.
Епіскапу Веніяміну 51 год, ён родам з Лунінца. У сакавіку 2010 года стаў епіскапам Барысаўскім. Мае рэпутацыю святара памяркоўнага і малітоўнага.
Апошняя згадка на сайце епархіі пра служэнне епіскапа Веніяміна — Вялікая Субота, а ўладыкі Гурыя — Уваход Гасподні ў Іерусалім.
Абодва 9 красавіка прымалі ўдзел у пасяджэнне Сінода ўсіх епіскапаў БПЦ.
Фота з запісу фэйсбук-старонкі Аляксандра Шрамко: Жыровіцкі Успенскі манастыр, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя ўладыкі Гурыя.