На сайце petitions.by з’явілася петыцыя, якая прапануе зрабіць 29 і 30 красавіка непрацоўнымі днямі без адпрацоўкі. У такім выпадку ў Беларусі тыдзень з 27 па 3 траўня будзе цалкам непрацоўным. Гэта, як лічаць аўтары петыцыі, будзе вельмі дарэчы ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса і адсутнасці каранціну.
Рэч у тым, што 28 красавіка (аўторак) адзначаюць Радаўніцу, а 1 траўня прыпадае на пятніцу. 29 і 30 красавіка (серада і чацвер) — адзіныя два працоўныя дні пасярод тыдня.
«Напэўна, большасць людзей будуць браць той або iншы вiд адпачынку ў гэтыя дні як з прычыны марнасці такога працяглага працоўнага „тыдня“, так і ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне, абумоўленай пандэміяй каранавіруса, каб не ўдзельнічаць у далейшым распаўсюдзе віруснай інфекцыі», — кажуць у петыцыі.
Паводле ацэнак аўтараў петыцыі, да таго часу агульная колькасць выпадкаў коронавируса ў краіне пераваліць за 30 тысяч. Пік эпідэміі Мінздароўя прагназуе на канец красавіка — пачатак траўня.
У гэтым годзе 8 сакавіка, 9 траўня і 7 лістапада, дзяржаўныя выхадныя дні ў Беларусі, прыпадаюць на суботы. Праз гэта ў 2020 годзе беларусам належыць толькі 6 дадатковых выхадных дзён (звычайна іх 9). У многіх іншых краінах, як адзначана ў петыцыі, у такіх выпадках дзяржава дае дадатковыя выхадныя.
Такім чынам, патрабуем зрабіць 29 і 30 красавіка непрацоўнымі без неабходнасці адпрацоўкі ў іншыя дні. Гэтая мера ўяўляецца нам справядлівай, цалкам апраўданай, мэтазгоднай, а таксама вельмі дарэчнай у тым выпадку, калі каранцін так і не будзе ўведзены.
Таксама аўтары прапануюць на заканадаўчым узроўні забараніць шасцідзённы працоўны тыдзень і замацаваць ўвядзенне дадатковых выхадных дзён без неабходнасці адпрацоўкі ў выпадку, калі святочны дзень выпадае на суботу або нядзелю.
Петыцыя будзе накіравана ў Адміністрацыю Прэзідэнта і ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь 15 красавіка.