Аляксандр Лукашэнка ў сакавіку абяцаў беларусам, што калі «вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — жыць будзем» і эпідэмія каранавіруса міне. Многія не падзяляюць яго аптымізм: пасля Вялікадня, як масавага мерапрыемства, можа быць рэзкі рост захворванняў. У Гродзенскай епархіі з 10 красавіка ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй змянілі правілы правядзення набажэнстваў.
Георгій Рой, настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне, тлумачыць, што ў цяперашняй сітуацыі не пайсці на святочнае набажэнства — гэта ахвяра любові да бліжняга з боку чалавека, які можа быць хворым і кагосьці заразіць.«Тым, хто можа застацца дома на святы, мы раім застацца дома. Асабліва настойліва — тым, хто адносіцца да так званай групы рызыкі: сталыя людзі, людзі з аслабленым імунітэтам.
Астатнія нашы вернікі, больш малодшая ўзроставая група… Хто можа такую ахвяру зрабіць і застацца дома, то канешне ніхто ні ў якім разе не будзе асуджаць яго. Гэта будзе як ахвяра любові, клопату пра бліжняга».
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій 8 красавіка на grodnoplustv.by звярнуўся да вернікаў з просьбай апранаць маскі і трымаць дыстанцыю ў цэрквах. Сталым людзям і тым, хто адчувае сябе блага, ён параіў не наведваць святочных набажэнстваў.
Наўпроставая трансляцыя з Пакроўскага сабора на Вербную нядзелю і Вялікдзень будзе весціся на «Гродно Плюс» і анлайн на YouTube тэлеканала. Урачыстае набажэнства, прысвечанае святу Уваходу Гасподнему ў Іерусалім (Вербніца), пачнецца 12 красавіка ў 10.00.
Дзяжурныя праціраюць іконы
У гродзенскім кафедральным саборы ўжо былі ўведзены правілы бяспекі: не цалаваць святыні, сачыць за дыстанцыяй. Выкананне кантралююць адмысловыя людзі.
«У нашым саборы ёсць дзяжурныя — людзі, якія назіраюць за парадкам. Яны атрымалі ад святарства службовыя інструкцыі. Мы раім устрымацца ад цалавання святыняў. Каля такіх абразоў стаяць нашы дзяжурныя. У выпадку, калі чалавек усё адно пацалаваў ікону, пырскаюць на яе дэзінфектарамі, якія падрыхтаваныя побач, выціраюць. Калі мы бачым праблемы з дыстанцыяй, дзяжурныя раяць стаць крыху далей адзін ад аднаго. Будзем разглядаць пытанне правядзення службаў на вуліцы, калі дазволіць надвор’е».
Ёсць катэгарычна нязгодныя
Па словах айца Георгія, большасць паствы адэкватна ўспрымае сітуацыю і санітарныя нормы, хаця ёсць выключэнні.
— Агулам большасць, калі прыходзяць у царкву, стараюцца рабіць усё тое, што дапаможа захаваць здароўе сваё і блізкіх. Але ёсць і людзі катэгарычна нязгодныя з усім, што адбываецца. Ім падаецца гэта перабольшанай рэакцыяй, яны дэманстратыўна парушаюць устаноўленыя правілы. Зразумела, што выганяць ніхто нікога не будзе, але заўвагу зробяць. Мы тлумачым, што, ужо, напрыклад, у Кіеве царкоўныя людзі спачатку недаацанілі і нават вельмі крытычна паставіліся да ўсіх гэтых нормаў, — і там пайшло распаўсюджванне хваробы.
Пра бяспеку і правілы паводзінаў святары гавораць на пропаведзях, у каментарах у СМІ, у прыходскіх viber-групах.
«Цяпер у храм стала хадзіць значна менш людзей, і выпадковыя людзі практычна не заходзяць. Зараз ужо няма нікога, хто б не ведаў правіл перасцярогі, усе бачаць дэзінфектары, у людзей ёсць здаровая рэакцыя самазахавання», — перакананы Георгій Рой.
Што яшчэ змянілася ў цэрквах
Абапіраючыся на інструкцыюад 17 сакавіка, зацверджаную Сінодам РПЦ, і цыркулярны ліст Патрыяршага Экзарха всея Беларусі мітрапаліта Паўла ад 15 сакавіка 2020 года, Епархіяльны савет у Гродне 10 красавіка вызначыў правілы правядзення святочных набажэнстваў, а таксама меры бяспекі для храмаў Гродзенскай епархіі. Напярэдадні адмысловыя рэкамендацыі прадстаўнікам царквы давала Міністэрства аховы здароўя.
- На святы Вербнай нядзелі, Вялікай суботы, Вялікадня і Радаўніцы рэкамендавалі прадаваць свечы і прымаць памінальныя запіскі на вольным паветры, вербы і ежу таксама асвячаць у двары храма. Прасфоры і асвячоны хлеб на вячэрні раздаваць у аднаразовых пальчатках, для памазання елеем выкарыстоўваць аднаразовыя ватныя палачкі.
- Падчас прычасця скасавалі запіванне (або толькі з аднаразовых кубачкаў), цалаванне чашы, выціранне вуснаў. Лжыцу ў час прычашчэння трэба дэзінфікаваць 65−70% спіртавым растворам.
- У цэрквах трэба захоўваць дыстанцыю паміж людзьмі 1,5−2 метры.
- Рэкамендавана не цалаваць іконы (замяніць на паклон), крыж пасля літургіі (ускладаць яго на галаву), руку святару. Споведзь будзе агульнай, вернікі могуць загадзя падрыхтаваць спісы, якія будзе чытаць святар.
- Спыняюцца заняткі ў нядзельных школах, катэхізычныя курсы для дарослых, адмяняюцца паломніцтвы і кірмашы.
- Хрост можа здзяйсняцца толькі індывідуальна з прамежкавай дэзінфекцыяй купелі.
- Людзей, якія загінулі ад каранавіруса, належыць адпяваць пры зачыненым веку труны або на могілках.
Святары тлумачаць, што ўсе абмежаванні трэба выконваць, бо ў Святым Пісанні сказана: «Не спакушай Госпада Бога твайго» (Мф. 4:7).