У Беларусі ўвялі абмежаванні на продаж некаторых лекаў, масак і антысептыкаў. Нормы аднаразовага продажу ў аптэках вызначылі на тэрмін з 10 красавіка па 1 ліпеня 2020 г.
Якія менавіта лекі абмяжоўваюць ў продажы, вызначае ліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад 9 красавіка 2020 г. № 5−1-12 / 6361.
«У сувязі з рэзкім ростам попыту на некаторыя найменні лекавых сродкаў, медыцынскіх вырабаў і іншых тавараў аптэчнага асартыменту Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь устанаўлівае з 2020/04/10 да 2020/07/01 нормы аднаразовай рэалізацыі ў аптэках насельніцтву на некаторыя тавары», — гаворыцца ў лісце.
Так, адзін чалавек можа купіць у аптэцы не больш за 40 таблетак парацэтамолу або арпетолу, максімум 10 капсул Флустопу — незалежна ад дазоўкі лекаў.
У адны рукі зараз будуць адпускаць не больш за 10 масак і 5 пар пальчатак. Ліміт на антысептыкі - дзве ўпакоўкі да 100 мл, і адна, калі аб’ём большы.
На 10 красавіка ў аптэках Гродна, паводле сэрвісу tabletka.by, парацэтамол ў таблетках дазоўкай 500 мг па 20 штук ёсць у 29 аптэках, дазоўкай 200 мг па 10 штук — у 15 аптэках горада. Ці так гэта, трэба ўдакладняць у канкрэтных аптэках. Звычайна сэрвіс працуе карэктней у дачыненні да прыватных устаноў. Але журналісты Hrodna.Life зведалі на сабе, што і гэта не заўсёды так. Калі ў канцы сакавіка антысептыкі ўжо зніклі з продажу, у аптэцы на БЛК карэспандэнту сказалі, што антысептык застаўся толькі для ўнутранага карыстання, хоць сэрвіс паказваў, што ён у наяўнасці. Тады далі параду падыходзіць увечары, бо можа быць прывязуць, але раскупляюць адразу. Падобная сітуацыя была і з ртутным градуснікамі.
З пачатку ўспышкі каранавіруса ў Беларусі на 10 красавіка пацвердзілі 1981 выпадак COVID-19. З іх у бальніцах знаходзяцца 1793 чалавекі, 169 ачунялі, зарэгістравана 19 смерцяў.