59-гадовы супрацоўнік прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно», дзе выпускаюць матэрыялы для запатрабаваных цяпер мэдычных масак, заразіўся каранавірусам. Пра гэта ягоныя калегі даведаліся 8 красавіка, піша «Радыё Свабода».

«Некалькі дзён таму ён адчуў недамаганьне і зьвярнуўся да лекара, затым яго паклалі ў шпіталь і зрабілі тэст на каранавірус — вынік аказаўся станоўчы. Мужчыну адправілі ў Гомель», — пацьвердзілі на прадпрыемстве.

Мэдыкі забралі пад назіраньне кантакты першага ўзроўню — гэта брыгада хворага, якая складаецца з 9 чалавек. Месца іх працы апрацавалі антысэптыкамі.

Займаюцца мэдыкі і кантактамі другога ўзроўню. У адміністрацыі прадпрыемства цяпер вырашаюць, як мінімалізаваць рызыку распаўсюджваньня вірусу бяз шкоды для вытворчасьці. Магчыма, частку людзей адправяць у адпачынак.

«Мы ня можам спыніць вытворчасьць, тым больш цяпер наша прадукцыя вельмі запатрабаваная, попыт рэзка ўзрос, аб’ёмы павялічылі ў 4−5 разоў», — сказалі на прадпрыемстве. Там сьцьвярджаюць, што хворы за мяжой ня быў, але нядаўна з адпачынку вярнуўся ягоны сын.

8 красавіка «Сьветлагорскія навіны» паведамлялі, што ў райцэнтры выяўлены хворы на каранавірус.

Чытайце таксама: Яшчэ адна фірма ў Гродне будзе шыць медыцынскія маскі

Ад пачатку сакавіка прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно» заключыла 20 новых кантрактаў, пашырыла геаграфію паставак аж да Кітаю і цалкам загрузіла новую лінію. Усё праз ажыятажны попыт на прадукцыю заводу — спанбел і акваспан. Зь яе робяць аднаразовыя маскі, бахілы і халаты.


У Беларусі на 8 красавіка было выяўлена 1066 выпадкаў каранавіруса. 77 чалавек вылечыліся, 13 памерлі.