Пандэмія каранавірусу стала выпрабаваннем для ўсіх краін, у тым ліку Беларусі. Як абараніць блізкіх і дапамагчы людзям з групы рызыкі, а таксама медыкам, якія сёння ахвяруюць сваім здароўем і жыццём ратуючы нас? Гродна далучаецца да кампаніі падтрымкі ByCovid19, якая зараз разгарнулася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Далучыцца можа кожны.
Лічбы захварэўшых у Беларусі штодзень растуць, на першай лініі агню у барацьбе з пандэміяй апынуліся медыкі. Нагрузка і напружанне ў шпіталях павялічыліся ў разы. Дактарам і медыцынскаму персаналу практычна ва ўсіх шпіталях Беларусі, у тым ліку ў Гродне і вобласці, не хапае індывідуальных сродкаў абароны — масак, спецхалатаў, спецыяльных акуляраў. Неабароненыя медыкі захворваюць і не могуць працаваць, ратаваць жыцці іншых. А калі захварэюць медыкі, не будзе каму лячыць нас.
Як можна дапамагчы або атрымаць дапамогу?
Хочаш стаць валанцёрам? Запоўні форму: https://bit.ly/Covid19BY_Volunteer
Дапамога можа быць любой: набыць і прывезці прадукты і лекі сталым людзям з твайго раёну ці вуліцы, прыгатаваць ежу дактарам і сталым, распаўсюджваць флаеры з інфармацыяй пра прафілактыку каравіруса і г. д.
Далучайцеся да тэлеграм-чата гродзенскіх валанцёраў: https://t.me/k28chat
Тут будзе збірацца ўся інфармацыя пра патрэбы на бягучы момант.
Альбо патэлефануйце па нумары: +37 529 2 663 803
Хочаш перавесці грошы на дапамогу медыкам? Пераходзь па спасылцы: https://bit.ly/39J4x1L
Ты медык і табе ці шпіталю, дзе ты працуеш, патрэбна дапамога? Запоўні форму: https://bit.ly/Covid19BY
Жывеш не ў Беларусі і хочаш дапамагчы? Ідзі па спасылцы: https://bit.ly/bycovid19
У цябе ёсць 3D-прынтар і ты хочаш друкаваць на ім сродкі абароны для медыкаў? FAQ па спасылцы: https://covid19.hackerspace.by/faq
Калі вы пастаўшчык сродкаў абароны, пішыце на email covid19@imenamag.by
ВАЖНА ПАМЯТАЦЬ!
Мы жывем і працуем ва ўмовах пандэміі і наша задача не толькі падтрымаць медыкаў, але і не спрыяць распаўсюджванню эпідэміі. Выконвайце правілы асабістай бяспекі, вывучыце інструкцыю аб тым, як дапамагаць і прымаць дапамогу.
Як дапамагчы сваім родным і тым, хто побач?
Самаізаляцыя, калі яна магчыма, дапамагае знізіць рызыку заражэння і запаволіць распаўсюджанне віруса. Гэта неабходная мера, але яна ставіць людзей у складанае становішча. Асабліва складана тым, хто ўваходзіць у групу рызыкі - нашым бацькам, бабулям і дзядулям, людзям з аслабленым імунітэтам і хранічнымі захворваннямі. Неабходна зрабіць усё магчымае для таго, каб гэтыя людзі заставаліся дома для іх жа ўласнай бяспекі.
Што вы можаце для гэтага зрабіць?
Найперш ізалюйце сваіх блізкіх, для якіх інфекцыя найбольш небяспечная, Вашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Забяспечце іх усім неабходным ва ўмовах ізаляцыі, набывайце і прывозьце ім прадукты і неабходныя тавары, каб яны не хадзілі ў крамы, зрабіце так, каб яны не хадзілі ў людныя месцы, не ездзілі ў грамадскім транспарце.
Напярэдадні вялікіх рэлігійных святаў вельмі важна растлумачыць, што зараз небяспечна наведваць касцёлы і цэрквы, і што святары афіцыйна дазваляюць гэтым разам застацца на Вербніцу і Вялікдзень дома і паглядзець святую службу ў эфіры па тэлевізары ці анлайн.
Што можна зрабіць яшчэ тут і зараз?
Мы распрацавалі ўлёткі для вашых дамоў і пад’ездаў - каляровую і чорна-белую. Вы можаце размясціць гэтую ўлётку дзе заўгодна і пачаць дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі або каранціне (а гэта сталыя і сем'і дактароў у першую чаргу): купляць прадукты, хадзіць у аптэкі, выгульваць жывёл.
Вы можаце падтрымаць выдатную ініцыятыву «Прытулі героя Беларусь».
Вы можаце дадаць сябе на карту валанцёраў і паглядзець, ці патрэбна камусьці дапамогу побач з вамі. Даданне праз чат-бот, і памятайце, што ваша інфармацыя будзе публічнай.
Калі ў вас ёсць асабісты транспарт і знаёмыя дактары (ці незнаёмыя), вы можаце прапанаваць ім дапамогу ў дастаўцы іх на месца працы, каб яны не карысталіся грамадскім транспартам. Для ўласнай абароны вы можаце выкарыстоўваць нават просты поліэтылен ці пластык, нацягнуты паміж кіроўцам і заднім радам, а таксама апрацоўваць салон пасля пасажыраў. Такія ініцыятывы ёсць ужо ў многіх гарадах Украіны, і медыкі вельмі ўдзячныя людзям.
Вы можаце шыць маскі для сябе і сваіх блізкіх, а таксама для вашых суседзяў. Нядаўна бабруйчанкі Александрына і Галіна пашылі і раздалі маскі проста людзям на вуліцы, і вы можаце гэтак жа. Хтосьці можа закупіць матэрыялы, хтосьці пашыць, хтосьці раздаць — яднайцеся і дапамагайце адзін аднаму. Галоўнае — выконвайце правілы бяспекі пры працы, а таксама пры раздачы. Абавязкова папярэджвайце людзей, што маска павінна прайсці яшчэ адзін раўнд дэзінфекцыі, ці проста адляжацца 3−4 дні ў асобным месцы.
Вы можаце звязацца з ініцыятыўнай «Добры тэлефон» ад Чырвонага крыжа і размаўляць з пажылымі і не толькі, каб ім было не так самотна сядзець у самаізаляцыі.
Калі вы ведаеце, хто патрабуе дапамогі, але ў сілу розных прычынаў не можаце дапамагчы самыя — перадайце інфармацыю пра гэтых людзей валанцёрам.
Толькі разам, дапамагаючы адзін аднаму, мы зможам з годнасцю прайсці праз гэта выпрабаванне.
Наша з вамі задача — берагчы сябе не менш, чым вы стараецеся берагчы іншых. Выконвайце сацыяльнае дыстанцыяванне, самаізалюйцеся, выкарыстоўвайце сродкі індывідуальнай абароны і ўважліва сачыце за самаадчуваннем. Так пераможам!