У лютым рэдакцыя Hrodna.life запусціла на petitions.by зварот у Гродзенскі гарвыканкам з просьбай зрабіць табліцы раскладу руху на прыпынках зручнымі. Ліст накіравалі ў гарвыканкам 24 лютага. З моманту адпраўкі прайшло 45 дзён, але адказ у рэдакцыі так і не атрымалі. Пад петыцыяй быў 51 подпіс.

Мы лічым, што табліцы з раскладам, якія ёсць зараз, нязручныя для гродзенцаў і, асабліва, для гасцей горада. Мы прапануем перапрацаваць расклад і падаваць яго ў такой форме, як гэта робіцца ў Мінску, або ў многіх гарадах Польшчы. Прыклады з фотаздымкамі мы далучылі да ліста чыноўнікам.

Дарэчы, у лютым улады тэставалі новы варыянт раскладу. На некаторых прыпынках, дзе размясцілі электронныя табло з інфармацыяй пра бліжэйшы чаканы транспарт, знялі старыя металічныя табліцы з поўным раскладам. Такім чынам, даведацца пра расклад на будучыню стала немагчыма. Пасля публікацый на Hrodna.life табліцы вярнулі. Іх абяцалі зрабіць каванымі, але яны не змяніліся.


Чытайце таксама: Теперь и в Гродно можно оплатить проезд в автобусе смартфоном