Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой падчас гутаркі з грамадскім актывістам Дзмітрыем Фурманавым распавёў, чаму ў Гродне няма беларускамоўных школ.
Дзмітрый Фурманаў з’яўляецца адным са стваральнікаў Telegram-чата «Гродно Для Жизни Chat». Штодня там абмяркоўваюць праблемы горада. Актывіст 8 красавіка збіраўся да старшыні гарвыканкама на асабісты прыём з двума дзясяткамі пытанняў ад гродзенцаў, але з-за небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыі прыйшлося абмежавацца размовай па тэлефоне. Дзмітрый закрануў і тэму беларускамоўных школ у Гродне.
Што з беларускамоўнымі школамі ў Гродне зараз
Сёння ў Гродне няма аніводнай цалкам беларускамоўнай школы. Класы з навучаннем на беларускай мове ёсць у школах № 32 і 34. Таксама сёння ў Гродне працуюць тры дзіцячыя садкі з беларускамоўнымі групамі (№ 45, 65, 83).
Як змянялася сітуацыя
У пачатку 1990-х у Гродне было 28 школ з выкладаннем на беларускай мове. Потым не засталося ніводнай. Толькі 10 гадоў таму ў горадзе зноў з’явілася магчымасць вучыцца па-беларуску.
Што будзе рабіць гарвыканкам
Мечыслаў Гой: «Як такіх планаў [павялічыць колькасць беларускамоўных груп і класаў - рэд.] няма, але ўсё робіцца проста. Калі група бацькоў, нават невялікая, захоча, каб іх дзіця ў дзіцячым садзе навучалася на беларускай мове, прыняць такое рашэнне не праблема. У нас у штаце ёсць выкладчыкі. Мы можам фармаваць вялікія і невялікія групы ў дзіцячых садках.
Школы таксама не праблема. Але жадаючых асабліва няма. Ёсць, але не тая колькасць. А беларускую мову, на жаль, мы пачалі забываць, гэта не зусім добра. Я з вамі салідарны ў гэтым.
Шмат што залежыць ад уладаў, але больш залежыць ад бацькоў. Вось прыклад з польскай мовай: у нас пажадалі трэці клас адкрыць у 36-й школе [школа з польскай мовай навучання, дзе раней не ўдавалася стварыць больш за два першыя класы — рэд.]. Не праблема, мы адкрылі. Не будзе такога жадання — закрыем.
З ВНУ гэта не мая зона ўплыву, гэта рэспубліканская. Іх планы навучання і праграмы зацверджаны міністэрствам адукацыі".
Што робіць грамадства
У 2019 годзе споўнілася 30 гадоў ад стварэння «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». Чытайце, як за гэтыя гады актывісты змагаліся за захаванне беларускай мовы на Гродзеншчыне.