За некалькі месяцаў земляных работ на БЛК рабочыя выявілі дзясяткі вялікіх камянёў. Чытач Hrodna.life Аляксей прапануе выкарыстоўваць іх для музея пад адкрытым небам.
У раёне БЛК у 2019 годзе пачалося будаўніцтва абласнога анкалагічнага дыспансера. Пакуль знойдзеныя камяні ляжаць за плотам будаўнічай пляцоўкі.
«Гэта ж сапраўдная знаходка, трэба толькі з розумам да ўсяго падысці, – распавядае Аляксей. – Можна ж зрабіць музей камянёў пад адкрытых небам або перадаць іх нашым майстрам, якія з іх зробяць скульптуры. Верагодна, гэтыя камяні на нашу тэрыторыю прыйшлі з ледавіком 12-15 тысяч гадоў таму. Наша гісторыя”.

Дзе ў Гродне ўжо выкарыстоўваюць вялікія камяні?
Парк каменных скульптур у Гродне з’явіўся ў 2014 годзе да Дня горада. Зараз там каля дзясятка работ. Адзін са стваральнікаў парка – скульптар Уладзімір Панцялееў.
“Парк скульптур пачаў фарміравацца пасля пленэру разьбяроў па камені. Тады мы пачалі збіраць там незвычайныя работы, – распавядае скульптар. – Ёсць планы па развіцці парку, але няма фінансавання. Зараз знайсці валуны для скульптур вельмі складана”.
Панцялееў кажа, што знойдзеныя на БЛК камяні можна выкарыстоўваць па-рознаму. Ён прапанаваў бы гораду часова пакінуць іх у якой-небудзь зялёнай зоне, а ў будучыні даць разьбярам падчас пленэру. Так горад мог бы атрымаць яшчэ дзясятак новых скульптур.




