У Гродне ствараюць Цяпліцу моладзевых ініцыятыў. Гэта інтэнсіўны навучальны курс, у межах якога вы авалодаеце цэлым шэрагам важных для жыцця ў сучасным грамадстве кампетэнцый: мэтавызначэнне, планаванне дзейнасці, крытычнае мысленне, кіраванне канфліктамі, прыняццё рашэнняў, аргументацыя ўласнай пазіцыі і актыўнае слуханне.

Цяпліца дапаможа таксама распрацаваць і рэалізаваць разам з новымі сябрамі грамадска-карысныя праекты і акцыі, пазнаёміцца з вялікай колькасцю людзей, якія штодня імкнуцца зрабіць наш горад больш камфортным і цікавым для жыцця.

Праграма навучання ў межах Цяпліцы будзе складацца з заняткаў па вечарах (звычайна — адзін раз у тыдзень працягласцю 2−3 гадзіны), сустрэч з вядомымі гарадзенскімі грамадскімі актывістамі і актывісткамі, а таксама некалькіх трэнінгаў, якія будуць адбывацца ў выходныя дні. Мы думаем таксама над онлайн-фарматамі заняткаў Цяпліцы.

Заняткі ў Цяпліцы будуць весці вядомыя гарадзенскія актывісты і актывісткі, якія маюць вялізны досвед арганізацыі адукацыйных, экалагічных, культурніцкіх, краязнаўчых і іншых праектаў і імпрэзаў.

Прапануем паглядзець папярэднюю праграму заняткаў Цяпліцы:


29 красавіка, 18.00−21.00

Адчыняем Цяпліцу: прэзентацыя праграмы, знаёмства з удзельнікамі, арганізатарамі, ментарамі, трэнерамі. Узгадненне мэтаў удзелу, нормаў сумеснай працы

6 траўня, 18.00−21.00

Я хачу зрабіць гэты свет лепшым. Дыскутуем пра лідэрства, веды і ўменні, неабходныя лідэрам, важныя грамадзянскія кампетэнцыі, абменьваемся ідэямі ўласных грамадска-карысных праектаў. Сустрэча-гасцёўня з вядомымі гарадзенскімі актывістамі і актывісткамі

13 траўня, 18.00−21.00

Якім/якой я хачу быць, каб змяняць гэты свет да лепшага. Зазіраем у будучыню, вучымся ставіць жыццёвыя мэты. Сустрэча-гасцёўня з вядомымі гарадзенскімі актывістамі і актывісткамі

20 траўня, 18.00−21.00

Як навучыцца працаваць у камандзе з іншымі людзьмі і матываваць іх да грамадска-карыснай дзейнасці. Сустрэча-гасцёўня з вядомымі гарадзенскімі актывістамі і актывісткамі

27 траўня, 18.00−21.00

Як навучыцца прымаць рашэнні і кіраваць канфліктамі. Сустрэча-гасцёўня з вядомымі гарадзенскімі актывістамі і актывісткамі

6−7 чэрвеня, 10.00−16.00

Як распрацаваць праект сваёй мары: вучымся апісваць патрэбы ў рэалізацыі праекта, планаваць яго мэты, ключавыя мерапрыемствы, шукаць сродкі на рэалізацыю.

10 чэрвеня, 18.00−21.00

Як навучыцца планаваць свае прыярытэты, каб затым не скардзіцца, што не хапіла часу. Сустрэча-гасцёўня з вядомымі гарадзенскімі актывістамі і актывісткамі.

20−21 чэрвеня, 10.00−16.00

Як навучыцца лепш камунікаваць з іншымі людзьмі і распавядаць пра свой праект так, каб яго захацелі падтрымаць іншыя.

27 чэрвеня, 18.00−21.00

Дзень славы: прэзентуем распрацаваныя ў межах Цяпліцы праекты і святкуем сканчэнне курса


Пачатак заняткаў Цяпліцы запланаваны на 29 красавіка.

Для таго, каб заявіцца для ўдзелу ў занятках Цяпліцы, калі ласка, запоўніце вось гэтую форму.

Цяпліца з’яўляецца часткай праграмы HrodnaYouthHub, якая рэалізуецца ўстановай «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», ГА «Цэнтр «Трэці Сектар», Вэб-парталам Hrodna.Life, валанцёрскай групай «Крок насустрач», у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Сачыць за магчымасцю ўдзелу ў іншых мерапрыемствах праграмы можна ў групах у Фэйсбуку і Інстаграме:

https://www.facebook.com/groups/540 293 086 589 015/

https://instagram.com/hrodnayouthhub?igshid=q8jl7858bt05

Дадатковую інфармацыю пра Цяпліцу моладзевых ініцыятыў можна атрымаць таксама па тэлефоне: + 375 33 634 10 41