Увечары 29 сакавіка на ўездзе на Стары мост пацярпеў веласіпедыст. На тратуары ён спрабаваў аб’ехаць пешаходаў, але на хуткасці ўрэзаўся ў слуп. Мужчыну забралі ў лякарню.

Уезд на Стары мост з боку «Прыёрбанку» — праблемнае месца для многіх веласіпедыстаў у Гродне. Наезды на пешаходаў і сутыкненні са слупам там адбываюцца часта.

«Трэба штосьці рабіць, гэта месца небяспечнае для пешаходаў і веласіпедыстаў, — распавядае відавочца здарэння Ірына Варкулевіч. — Мужчына урэзаўся ў слуп, таму што не змог разысціся з пешаходамі. А іх было двое, яны калі яго ўбачылі, то разышліся. А ён накіраваў свой ровар у слуп, каб іх не збіць. І з-за гэтага моцна пацярпеў. Мужчыну забралі ў лякарню. І гэта не першы раз такое адбываецца тут, я тут жыву і ўсё бачу. У нас у горадзе патрэбныя спецыялізаваныя веладарожкі, інакш праблему не вырашыць».

У «ВелаГродна» пра праблему на ўездзе на Стары мост ведаюць, але зварот у гарвыканкам з гэтай нагоды яшчэ ніхто не накіроўваў.

«У першую чаргу, вінаватыя праектыроўшчыкі. Яны малююць на паперы, але не думаюць, што па горадзе перасоўваюцца розныя групы людзей, — распавядае прадстаўнічка «ВелаГродна» Юлія Каляда. — Паставілі слуп пасярод тратуара і стварылі перашкоду і нязручнасці для веласіпедыстаў, пешаходаў і маламабільных груп.

У другую чаргу, можна казаць пра веласіпедыстаў, якія не сочаць за сваёй хуткасцю, ведаючы пра тое, што на іх шляху стаіць такі небяспечны элемент. У гэтым выпадку пашанцавала, што ніхто не ўпаў на дарогу, дзе ездзяць машыны. Трэба выконваць хуткасны рэжым і праязджаць гэта месца акуратна. Гэта не толькі для сваёй бяспекі, але і людзей, якія там рэгулярна ходзяць.

Ну і гарадскім уладам трэба задумацца, як вырашыць праблему са слупам на тратуары. Спадзяюся, яны звернуць увагу на гэты матэрыял".

Каля Старога моста сур'ёзна пацярпеў веласіпедыст. Ён стукнуўся аб слуп і ўпаў Каля Старога моста сур'ёзна пацярпеў веласіпедыст. Ён стукнуўся аб слуп і ўпаў

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life