Подпісы за карантын на факультэце — і «на дыван» у дэканат. Так сьцісла можна апісаць гісторыю першакурсьніка філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Андрэя Рабкаўца. С**бода паразмаўляла з хлопцам пра тое, што цяпер адбываецца на факультэце.
Андрэй Рабкавец вучыцца на першым курсе філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Ідэя патрабаваць на факультэце карантыну з прычыны эпідэміі каранавірусу зьявілася ва ўнівэрсытэцкім чаце.
«Там шмат студэнтаў філфаку — у асноўным першага курсу, — кажа хлопец. — Я вырашыў сабраць подпісы. Адразу пратэставаць і не наведваць заняткі не хацелася, таму прыйшла ідэя сабраць подпісы. Падтрымка студэнтаў адчувалася, але далёка ня ўсіх. Значная частка усё-такі асьцерагаецца, што ў іх могуць быць праблемы».
Пад заявай да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, якую Рабкавец апублікаваў у тэлеграм-канале, падпісаліся 113 студэнтаў філфаку.
У заяве студэнты просяць кіраўніцтва факультэту ўвесьці карантын да 12 красавіка з магчымасьцю падоўжыць яго.
«Мы занепакоеныя эпідэмічнай сытуацыяй у краіне і хочам дапамагчы ў прафіляктыцы вірусу і паўплываць на хутчэйшае рашэньне праблемы. Карантын дапаможа выйграць час для дактароў, якія лечаць заражаных і выяўляюць патэнцыйна інфікаваных. Акрамя таго, карантын ня дасьць распаўсюджвацца віруснай інфэкцыі», — напісана ў заяве.
«Мы спадзяемся на падтрымку адміністрацыі філялягічнага факультэту», — напісалі студэнты.
Але надзеі не апраўдаліся. Перад тым, як Андрэй перадаў заяву дэкану, яго разам зь іншым студэнтам, які дапамагаў зьбіраць подпісы, вызвалі ў дэканат.
«Я і сам зьбіраўся да іх пайсьці, але яны мяне апярэдзілі сваім званком. Відавочна, хтосьці паведаміў дэканату пра збор подпісаў», — піша Андрэй у сваім тэлеграм-канале.
У дэканаце з Андрэем і яго паплечнікам размаўлялі мэтадысты, дэкан факультэту Іна Лісоўская і яе намесьніца па выхаваўчай працы. Агулам Андрэя выклікалі на размову з адміністрацыяй факультэту тройчы.
«Я разумею, што праблемы [з вучобай] могуць быць, але не баюся іх. Адміністрацыя факультэту, вядома, сказала, што нікому нічога за гэтыя подпісы ня будзе, але ў гэта слаба верыцца», — сказаў С**бодзе Андрэй Рабкавец.
19 сакавіка Андрэй Рабкавец аддаў заяву і подпісы пад ёй дэкану факультэту. У канале ён апублікаваў зварот да адміністрацыі.
«Я заклікаю вас вызначыцца са сваёй пазыцыяй і вырашыць, чаму вы выступаеце супраць увядзеньня карантыну: вы баіцеся браць на сябе адказнасьць, бо няма загаду зьверху, і чакаеце на гэты самы загад? — запытаўся першакурсьнік. — Вы хвалюецеся, што студэнты ўспрымуць карантын як свабоду і пойдуць па клюбах і барах? Вы баіцеся застацца на два тыдні без заробку (паверце, ад дэканату гучалі і такія выказваньні)? Вы сумнеяцеся, што ўнівэрсытэт здольны забясьпечыць дыстанцыйнае навучаньне? Але чаму тады расказваеце пра тэхналягічнасьць унівэрсытэту? Вы сказалі, што карантын у адной ВНУ не ўратуе краіну ад вірусу. І гэта праўда. Але ўсё пачынаецца з малога».
Студэнт упэўнены, што паніку нараджае няведаньне інфармацыі, і заяўляе, што як грамадзянін Беларусі ён мае права ведаць пра сытуацыю з каранавірусам у краіне.
«Я маю права ведаць тое, што паведамляюць прэзыдэнту наконт гэтай сытуацыі. Бо гэта тычыцца мяне і ўсіх грамадзян Беларусі. Я такі ж грамадзянін краіны, як і прэзыдэнт. Нават важнейшы, бо я буду выбіраць прэзыдэнта».
Загадчыца аддзелу працы са СМІ Вольга Кішкель пацьвердзіла С**бодзе, што дэкан факультэту размаўляла са студэнтамі, якія ініцыявалі збор подпісаў за карантын.
«Па-першае, гэта ўваходзіць у яе абавязкі. Яна размаўляла для таго, каб патлумачыць хлопцам, пры асабістай прысутнасьці, прагаварыць зь імі яшчэ раз тыя немаленькія захады, якія ўнівэрсытэт прадпрымае для прафіляктыкі распаўсюджаньня каранавірусу».
Вольга Кішкель запэўніла, што на студэнтаў «ніхто ціснуць ня будзе».
«Наколькі я ведаю, яны кожны дзень прыходзяць на пары. Яны самі, гэтыя студэнты, прыходзяць у корпусы і займаюцца разам са сваімі аднагрупнікамі», — сказала яна.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…