23 сакавіка Міністэрства аховы здароўя выступіла з новымі рэкамендацыямі ў сувязі з COVID-19. Яны ў цэлым аналагічныя тым, якія былі ўведзеныя ў большасці еўрапейскіх краін тыдзень ці два раней. Але, у адрозненне ад большасці краін, у нас яны маюць рэкамендацыйны, а не абавязковы характар, піша n*.by. Тым часам колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса ў Беларусі дасягнула 81.
Міністэрства аховы здароўя заклікае пажылых людзей па магчымасці заставацца дома, заявіла журналістам намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан. «Мы застаёмся на працы, каб дапамагчы вам. Вы застаяцеся дома, каб дапамагчы нам», — сказала яна.
Беларускія медыкі выступаюць з заклікам да самаізаляцыі пажылых грамадзян, хранічна хворых пацыентаў, тых пацыентаў, у якіх ёсць прынамсі найменшыя прыкметы ВРІ, а таксама тых, хто прыбыў з-за мяжы і, адпаведна, атрымаў рэкамендацыю да самаізаляцыі.
Міністэрства аховы здароўя таксама рэкамендуе дыстанцыяванне ад іншых людзей.
— Няма забароны на наведванне вуліцы і паркаў, але разам з тым гаворым пра тое, што трэба выконваць меры дыстанцыявання — дыстанцыю метр-паўтара, каб не было распаўсюджвання віруса. Гэта дапаможа пазбегнуць заражэння навакольных, — расказала на брыфінгу намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Іна Карабан таксама рэкамендавала заставацца дома ўсім людзям з прыкметамі ВРВІ. Калі такой магчымасці няма, такому чалавеку трэба насіць маску.
Усіх, хто будзе вяртацца ў краіну з-за мяжы, будуць прасіць падпісаць памятку пра самаізаляцыю на 14 дзён. Памяткі будуць выдавацца на мяжы. Людзі будуць ставіць подпіс пад напамінам пра тое, што не будуць хадзіць на працу, наведваць сваякоў і сяброў і абмяжуюць кантакты ў сябе ў сям'і.
Абвесткі з просьбай захоўваць дыстанцыю ў 1,5—2 метры паміж наведнікамі з’явіліся на дзвярах аддзяленняў «Белпошты», такія меры ўведзеныя «для недапушчэння распаўсюджвання вірусных інфекцый». Таксама просяць знаходзіцца па адным ля аперацыйнага акна.
Без увядзення афіцыйнага каранціну адмененыя многія культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы ў сталіцы і рэгіёнах.
Школы далі магчымасць вучням не наведваць заняткі — па жаданні бацькоў. ВНУ часткова перайшлі на дыстанцыйную форму навучання.
Аналагічныя меры прынялі раней суседнія з Беларуссю і іншыя еўрапейскія краіны.
На сёння, паводле прэс-службы Мінздароўя, у 81 чалавек быў пацверджаны каранавірус. З іх 22 ужо выпісаныя ці рыхтуюцца да выпіскі, 59 — знаходзяцца пад медыцынскім кантролем і на лекаванні.
Неўвядзенне каранцінных мер уладамі Беларусі на мінулым тыдні выклікала бурную крытыку на формуах і ў сацыяльных сетках. Беларускія ўлады сцвярджалі, што эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне пакуль не дае падстаў для рашучых дзеянняў, якія могуць пагоршыць эканамічную сітуацыю. «Беларусы не знаходзяцца ў той сітуацыі, каб прымаць драконаўскія меры. Але і супакойвацца не трэба», — казаў Аляксандр Лукашэнка тры дні таму, 20 сакавіка.