Гродзенская турфірма «Зэт» абвясціла пра даты, калі можна будзе выехаць у Польшчу або вярнуцца назад тым, хто не змог зрабіць гэта раней з-за каранціна.
«Гэта пробныя рэйсы, якія мы арганізоўваем з беларускай амбасадай у Варшаве, — распавядае кіраўнік турфірмы „Зэт“ Сяргей Якшэвіч. — Амбасада шукае варыянты, каб мінімальна аднавіць зносіны паміж краінамі, каб вярнуць беларусаў дадому і вывезці тых, каму трэба трапіць у Польшчу. Нам рэгулярна тэлефануюць і пытаюцца, як трапіць у Польшчу на працу або, наадварот, як беларускім студэнтам вярнуцца дадому. Пакуль мы прапануем такія варыянты».
Чытайце таксама: «Мы ў шоку». Бізнес гродзенскіх перавозчыкаў пад ударам з-за закрыцця межаў
Пробныя рэйсы пройдуць з 25 па 28 сакавіка ўключна. Далей перавозчыкі будуць дзейнічаць па сітуацыі. Выезд з Гродна ў 18:45. Квіткі можна набыць у касах аўтавакзала і праз інтэрнэт. Зваротныя рэйсы ў гэтыя ж дні з Беластока (аўтавакзал PKS) у 9:00.
Каму можна ўехаць у Польшчу нягледзячы на закрытую мяжу?
Уезд дазволены для:
— Польскіх грамадзян
— Замежнікаў, якія з’яўляюцца мужам i жонкай ці дзецьмі польскіх грамадзян або застаюцца пад пастаяннай апекай польскіх грамадзян
— Людзей, у якіх ёсць карта паляка і месца пражывання ў Польшчы
— Дыпламатаў
— Людзей, якія маюць права на пастаяннае або часовае пражыванне ў Польшчы ці дазвол на працу
— У адмыслова абгрунтаваных выпадках, не ўказаных вышэй, камандзір пагранічнага паста пасля атрымання згоды галоўнакамандуючага памежнай службы можа дазволіць замежніку ўязджаць на тэрыторыю Рэспублікі Польшча ў адпаведнасці з працэдурай, вызначанай у Законе ад 12 снежня 2013 года аб іншаземцах (Заканадаўчы веснік 2020 пункт 35).
Каго накіруюць у каранцін?
Усе, хто прыбывак ў Польшчу, абавязаны знаходзіцца на двухтыднёвым хатнім каранціне. За парушэнне рэжыму каранціну прадугледжаны штраф 30 000 злотых (6500 еўра). Для злосных парушальнікаў - арышт. Калі парушальнік быў заражаны каранавірусам, яго чакае год турмы. Але з каранціну ёсць выключэнні.
Якія выключэння з каранціну ў Польшчы?
Абавязковы каранцін распаўсюджваецца на ўсіх, хто прыязджае ў Польшчу, акрамя:
— людзей з прымежных раёнаў, якія жывуць у Польшчы, але працуюць кожны дзень у суседняй краіне і рэгулярна перасякаюць мяжу;
— замежнікаў, якія жывуць у суседняй краіне, але якія працуюць у Польшчы і рэгулярна перасякаюць мяжу;
— прафесійных кіроўцаў грузавых і пасажырскіх перавозак, якія выконваюць свае абавязкі.
У Беларусі каранціну няма, грамадзянам, якія прыбываюць, рэкамендуецца самаізаляцыя.