Падрыхтоўчыя працы да рэканструкцыі былога чыгуначнага дэпо па вуліцы Будзёнага, 41 пачаліся ў лютым. Праз год, у 2021-м, там можа адкрыцца адміністрацыйны аб’ект.

Будынак знаходзіцца побач з заапаркам, каля былога чыгуначнага пераезду на Азёрскай шашы. Ён быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя як двухпуцявое паравознае дэпо. Тады ў ім не было ні паверхаў, ні перакрыццяў. Гэта было першае дэпо для стаянкі і рамонту паравозаў у Гродне.

Дэпо ў міжваенныя гады перабудавалі ў прыгожы трохпавярховы будынак у неабарочным стылі, прыстасаваўшы яго ў адміністрацыйна-жылы будынак. Будынак нярэдка трапляў на здымкі наведвальнікаў горада, бо прыцягваў увагу
У гады вайны будынак згарэў. У савецкі час яго адбудавалі сціпла. Панізілі дах і аддалі на патрэбы чыгуначнікаў, якія жылі тут цэлымі пакаленнямі.

Чытайце таксама: «Музей-прывід»: чым каштоўнае былое чыгуначнае дэпо і чаму яму нельга даць прапасці


Яшчэ ў 2010 годзе ў будынку жылі людзі, але з-за аварыйнасці аб’екта іх адсялілі. Былое чыгуначнае дэпо прадалі ў траўні 2017 году за 25 тысяч рублёў. Хто інвестар — не паведамляецца, але па чутках гэта прадпрымальнік з Гродна. Зараз ён распрацоўвае праект рэканструкцыі будынка. У будучыні там можа з’явіцца адміністрацыйны аб’ект з офісамі і хостэлам.

Чытайце таксама: Былое чыгуначнае дэпо на Будзёнага могуць перабудаваць пад гасцініцу


Даведка

Будынак пачатку XX стагоддзя пасля Першай сусветнай вайны быў перабудаваны ў трохпавярховы дом з мансардай, які выкарыстоўваўся чыгуначнікамі. Пазней дом адрамантавалі пад жыллё, мансардны паверх ліквідавалі і замест яго зладзілі чатырохсхільны дах. Захаваліся толькі арыгінальныя контрфорсы. У апошнія гады ў доме ніхто не жыў. Ва ўласніка — Гродзенскага чыгуначнага вузла — былі планы ўладкаваць у гэтым будынку музей гродзенскай чыгункі, але гэта не адбылося.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.