У Навагрудку ўмацуюць схілы, у Гальшанах і Гродне прадставяць новыя музейныя экспазіцыі. Пра тое, якія працы праводзяцца на замках рэгіёну, карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
У Навагрудку сёлета працягнуцца работы па ўмацаванні схілу замкавай гары. Распрацоўваюць праектна-каштарысную дакументацыю па ўладкаванні водаадвода з тэрыторыі дзяцінца і кансервацыі руін вежаў Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай з частковым аднаўленнем фартыфікацыйных сцен дзяцінца. Плануецца перадача дакументацыі на экспертызу.
На правядзенне работ у гэтым годзе прадугледжаны сродкі ў Дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграмах, а таксама ў дзяржпраграме «Культура Беларусі» на 2016−2020 гады.
Працягваецца кансервацыя з частковай рэстаўрацыяй і ў былым замку Сапегаў у Гальшанах. У прыватнасці, вядуцца супрацьаварыйныя работы па ўмацаванні сцен, якія прымыкаюць да Паўночнага корпуса. Працуюць будаўнікі і ўнутры Паўночнай вежы, дзе размесціцца музейная экспазіцыя. Яна будзе прысвечана гісторыі будаўніцтва замка, яго архітэктурным асаблівасцям, побыце уладальнікаў. У экспазіцыі будуць прадстаўлены археалагічныя прадметы, знойдзеныя падчас работ на тэрыторыі замка. У музеі раскажуць і пра перспектывы рэканструкцыі замка, аднаўлення навакольнага ландшафту.
Таксама актывізаваліся работы на Старым замку ў Гродне. Напрыклад, нядаўна быў усталяваны новы купал на Уязную вежу. «Вядзецца ўнутранае аздабленне памяшканняў. Пры надыходзе спрыяльных умоў надвор’я будзе працягнута нанясенне сграфіта», — адзначылі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. ААТ «Гроднажылбуд» абвешчаныя працэдуры закупак па выбары падрадных арганізацый для вырабу элементаў інтэр'ераў: жывапісу, металічных і драўляных вырабаў, ляпніны. Спецыялісты праектнага філіяла ААТ «Белрэстаўрацыя» распрацоўваюць тэхнічныя заданні на выраб керамічных вырабаў.
На купал уязной вежы Старога замка паставілі шпіль
Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем вядзецца праца па пабудове экспазіцыі 1-й чаргі Старога замка. У ёй плануецца распавесці гісторыю забудовы Замкавай гары ў Гродне, пра тое, як выглядаў Гродзенскі дзяцінец ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях. Будзе раскрыта тэма Гродна ў барацьбе з крыжакамі ў XIII-XV стагоддзях. Частка экспазіцыі будзе прысвечана каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Баторыю.