Пандэмія. Шалёная. Каранавірус. Яна — праваслаўная. Я — каталік. Самаізаляцыя. У Гародні дождж. Поўная акукарача. Ля Каложскай царквы.
Адчувала сябе кантрабандысткаю, што міма польскага цэльніка ўпотайкі перайшла мяжу (дазволенага). Захапіўшы з сабой фотаапарат і тэлефон (нібы літар і картон), прасачылася 19 сакавіка на запіс «супрацькаранавіруснага» канцэрту Віктара Шалкевіча. Дзве тысячы гледачоў глядзелі і слухалі анлайн. Я — нажыва. Апроч іншага, стала сведкам, як старанна мэтры апрацоўвалі рукі дэзынфектарам. Скрольце да канца, каб пабачыць і навучыцца.
У Цэнтры пуста і холадна. «Як у моргу», — заўважае Шалкевіч. З яго сыплюцца жарты, кпіны і ўсмешкі. Хто не паспеў схавацца ад вострага вока і яшчэ вастрэйшага языка Віктара — той сам вінаваты. Твар Шалкевіча змяняецца з хуткасцю 24 выразы за секунду, а часам я лаўлю сябе на думцы, што недзе там ёсць яшчэ зашыты двадцаць пяты кадр.
Анатоль Кандыба сядзіць ў абдымку з баянам — і вокам не вядзе. Поўная супрацьлегласць рухомаму, як ртуць, Шалкевічу. Маэстра ўспрымае барда ў нейкім іншым частотным дыяпазоне. Што там яны перадаюць адзін аднаму на сваіх засакрэчаных хвалях — ніхто не ведае.
— Як, — пытаюся Анатоля, — ён вас угаварыў разам працаваць?
— То ўжо 35 гадоў разам, — цісне плячыма кампазітар.
Ну хіба што па маладосці, па глупстве, на такое згадзіцца можна, думаю. А потым мяне накрывае. Трыдцаць пяць гадоў. Ну і ну. Палова маіх знаёмых яшчэ не нарадзіліся, як Шалкевіч з Кандыбам ужо ігралі разам. Анёл на вежы Фарнага касцёла моцна зайграў ноту «фа» ў маёй галаве.
Супрацькаранавірусны канцэрт пачаўся. «З Богам, як нажуць у нас на Захадзе,» — выдыхнуў Шалкевіч. Анёл на вежы Фарнага касцёла зайграў ізноўку. Гэтым разам для ўсіх.
Што я магу расказаць? Што сядзела ў нязвыкла пустой залі Цэнтра, што баялася націскаць на спуск камеры ў цішы, каб не папсаваць гук трансляцыі, што дзяквала ўсім, хто прыдумаў моду на бязгучныя красоўкі і фотакамеры з набліжэннем выявы.
Ці можа, што думала — чаму я тут аказалася? Яно, з аднаго боку, ясна: нахабства — другое шчасце. З іншага — грукайце і вам адкрыюць. Шукайце і знойдзеце. Бо хто зможна адмовіць жанчыне, згоднай гадзіну маўчаць?
Так што найперш мой антывірусны рэпартаж з закрытым ротам прысвячаецца ўсім дзяўчатам нашай (з Шалкевічам) парафіі. А потым ужо самому Віктару і яго чалавеку-аркестру, Анатолю Кандыбе.
Яшчэ не магу не заўважыць, як сябры і калегі «спалілі» шляхетнага Шалкевіча ля Каложскай царквы. Сябры — яны такія сябры.
Сцішыліся апошнія акорды. Пагас экран камеры. Падлога разняволена зарыпела пад нагамі.
— Ну і холад тут у вас, — сцебануў плячом Віктар.
— Сур'ёзна? Мне ажно горача стала. Думала, з цябе пар валіць будзе пасля гадзіны на сцэне.
— То пар валіць. Валіць і збіраецца ў аблокі. Аблокі падымаюцца ў неба, а потым… з іх ідзе ў Гародні дождж.
Шануйце адно аднаго, дарагія гродзенскія сябры і сяброўкі. Любіце наш горад, спявайце песні і сустракайцеся (пакуль) анлайн. Ударым ІТ-свядомасцю па каранавірусу. А яшчэ — мыйце рукі і апрацоўвайце іх дэзынфектарам, як паказваюць Анатоль Кандыба і Віктар Шалкевіч.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…