Пандэмія. Шалёная. Каранавірус. Яна – праваслаўная. Я – каталік. Самаізаляцыя. У Гародні дождж. Поўная акукарача. Ля Каложскай царквы.
Адчувала сябе кантрабандысткаю, што міма польскага цэльніка ўпотайкі перайшла мяжу (дазволенага). Захапіўшы з сабой фотаапарат і тэлефон (нібы літар і картон), прасачылася 19 сакавіка на запіс “супрацькаранавіруснага” канцэрту Віктара Шалкевіча. Дзве тысячы гледачоў глядзелі і слухалі анлайн. Я – нажыва. Апроч іншага, стала сведкам, як старанна мэтры апрацоўвалі рукі дэзынфектарам. Скрольце да канца, каб пабачыць і навучыцца.

У Цэнтры пуста і холадна. “Як у моргу”, – заўважае Шалкевіч. З яго сыплюцца жарты, кпіны і ўсмешкі. Хто не паспеў схавацца ад вострага вока і яшчэ вастрэйшага языка Віктара – той сам вінаваты. Твар Шалкевіча змяняецца з хуткасцю 24 выразы за секунду, а часам я лаўлю сябе на думцы, што недзе там ёсць яшчэ зашыты двадцаць пяты кадр.

Чытай больш: “Такая доўгая зіма”. Слухайце першы за 15 гадоў новы студыйны альбом Віктара Шалкевіча
Анатоль Кандыба сядзіць ў абдымку з баянам – і вокам не вядзе. Поўная супрацьлегласць рухомаму, як ртуць, Шалкевічу. Маэстра ўспрымае барда ў нейкім іншым частотным дыяпазоне. Што там яны перадаюць адзін аднаму на сваіх засакрэчаных хвалях – ніхто не ведае.

– Як, – пытаюся Анатоля, – ён вас угаварыў разам працаваць?
– То ўжо 35 гадоў разам, – цісне плячыма кампазітар.
Ну хіба што па маладосці, па глупстве, на такое згадзіцца можна, думаю. А потым мяне накрывае. Трыдцаць пяць гадоў. Ну і ну. Палова маіх знаёмых яшчэ не нарадзіліся, як Шалкевіч з Кандыбам ужо ігралі разам. Анёл на вежы Фарнага касцёла моцна зайграў ноту “фа” ў маёй галаве.

Супрацькаранавірусны канцэрт пачаўся. “З Богам, як нажуць у нас на Захадзе,” – выдыхнуў Шалкевіч. Анёл на вежы Фарнага касцёла зайграў ізноўку. Гэтым разам для ўсіх.
https://youtu.be/SpqWJySLcUY
Што я магу расказаць? Што сядзела ў нязвыкла пустой залі Цэнтра, што баялася націскаць на спуск камеры ў цішы, каб не папсаваць гук трансляцыі, што дзяквала ўсім, хто прыдумаў моду на бязгучныя красоўкі і фотакамеры з набліжэннем выявы.
Чытай яшчэ: Віктар Шалкевіч пра Дзень Перамогі: Свята хутчэй гучала мінорна
Ці можа, што думала – чаму я тут аказалася? Яно, з аднаго боку, ясна: нахабства – другое шчасце. З іншага – грукайце і вам адкрыюць. Шукайце і знойдзеце. Бо хто зможна адмовіць жанчыне, згоднай гадзіну маўчаць?
Так што найперш мой антывірусны рэпартаж з закрытым ротам прысвячаецца ўсім дзяўчатам нашай (з Шалкевічам) парафіі. А потым ужо самому Віктару і яго чалавеку-аркестру, Анатолю Кандыбе.
Яшчэ не магу не заўважыць, як сябры і калегі “спалілі” шляхетнага Шалкевіча ля Каложскай царквы. Сябры – яны такія сябры.

Сцішыліся апошнія акорды. Пагас экран камеры. Падлога разняволена зарыпела пад нагамі.
– Ну і холад тут у вас, – сцебануў плячом Віктар.
– Сур’ёзна? Мне ажно горача стала. Думала, з цябе пар валіць будзе пасля гадзіны на сцэне.
– То пар валіць. Валіць і збіраецца ў аблокі. Аблокі падымаюцца ў неба, а потым… з іх ідзе ў Гародні дождж.
Шануйце адно аднаго, дарагія гродзенскія сябры і сяброўкі. Любіце наш горад, спявайце песні і сустракайцеся (пакуль) анлайн. Ударым ІТ-свядомасцю па каранавірусу. А яшчэ – мыйце рукі і апрацоўвайце іх дэзынфектарам, як паказваюць Анатоль Кандыба і Віктар Шалкевіч.
https://youtu.be/ivcsXaqOygY








