На прадпрыемстве «Гродна Азот» пайшлі чуткі, што частку рабочых могуць адправіць у адпачынак за свой кошт. Пра гэта Hrodna.life распавёў чытач Максім. Сітуацыю пракаментавала кіраўніцтва прадпрыемства.

На «Азоце» пазапланавы адпачынак звязваюць з сусветнымі праблемамі: падзеннем коштаў на нафту і эпідэміяй каранавіруса.

«Учора да нас прыйшоў майстар і сказаў, што могуць быць праблемы з працай у бліжэйшы час. Намякнуў, што з-за дрэннага стану спраў на заводзе можам сысці на два месяцы ў адпачынак за свой кошт. Мяне вельмі хвалюе гэтае пытанне», — распавёў супрацоўнік «Азота» Максім.

Трэба зніжаць сабекошт

Намеснік генеральнага дырэктара «Гродна Азот» па эканоміцы і фінансах Дзмітрый Гарошка пацвердзіў, што праблемы на прадпрыемстве ёсць. Цяпер абмяркоўваюцца розныя пытанні, у тым ліку і кадравыя, а таксама спосабы зніжэння сабекошту прадукцыі.

«Некалькі дзён таму ў цане ўпала нафта і каранавірус неяк уплывае. Прадпрыемства наша вялікае, наша прадукцыя ідзе ў многія краіны свету, у тым ліку і Кітай. Сітуацыя з нафтай адбіваецца і на прадпрыемстве. Сёння мы працуем у рынкавых умовах, цэны ўпалі вельмі значна. Таму мы вымушаныя зніжаць аб’ёмы вытворчасці, у прыватнасці гэта датычыцца капралактаму і поліаміду.
Сёння сабекошт па ўсіх прадуктах вышэй тых коштаў, па якіх мы можам прадаць нашу прадукцыю. Пра тое, каб на два месяцы людзей пакінуць без працы, гаворка пакуль не ідзе. Рашэнняў яшчэ ніхто ніякіх не прымаў, гаварыць пра нешта заўчасна».


Чытайце таксама:

Новы завод «Гродна Азота» можа пабудаваць італьянская кампанія. Кітайцаў пакінулі за бортам

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life