Зала-трансформер, трыбуна на 2 тысячы гледачоў і гасцініца. У інстытуце «Гроднаграмадзянпраект» распавялі, якім будзе спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту ў Гродне. Комплекс разлічаны на спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню, піша grodnonews.by.

Там будзе месца для гульні ў гандбол, баскетбол, валейбол. Гэта адна вялікая ўніверсальная зала з трыбунамі. Яны змесцяць да двух тысяч заўзятараў. Акрамя гульнявых відаў спорту, залу можна хутка трансфармаваць па зонах, каб праводзіць у ёй спаборніцтвы па розных відах барацьбы або мастацкай гімнастыцы.

У комплексе прадугледжаны дзве залы для трэніровак і размінак і чатыры распранальні для каманд. Побач з’явіцца гасцініца. Да яе можна прыбудаваць крыты футбольны манеж або тэнісныя корты. Прадугледжаны іншыя інфраструктурныя збудаванні. Над імі цяпер працуюць.

Комплекс з’явіцца недалёка ад скрыжавання праспектаў Янкі Купалы і Кляцкова за храмам у гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых. Да комплексу будзе зручнае транспартнае забеспячэнне з добрымі дарогамі і пад’ездамі. Побач лесапаркавая зона, куды спартсмены змогуць выходзіць на прабежкі і трэніроўкі.