У Гродзенскай вобласці кітайскія святлодыёдныя лямпы гандлёвых марак «Юпитер» і «IEK» патрапілі пад забарону. Тавар, які знойдзены ў гандлёвых аб’ектах рэгіёну, не адпавядаў патрабаванням СТБ. У адпаведнасці з імі, на ўпакоўцы павінна быць указана эквівалентная магутнасць звычайнай лямпы напальвання, піша rgazeta.by.

Інфармацыя на ўпакоўцы не адпавядала рэчаіснасці і ўводзіла пакупнікоў у зман. У прыватнасці, на святлодыёдных лямпах светлавым патокам 960 Лм было ўказана, што эквівалентная магутнасць звычайнай лямпы складае 90 Ват, а павінна быць 70 Ват, на лямпах светлавым патокам 720 Лм значылася 75 Ват замест 55.

— Гандлёвым аб’ектам выдадзены прадпісанні аб забароне рэалізацыі дадзенага тавару, — кажа вядучы інжынер аддзела дзяржаўнага нагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў Гродзенскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Андрэй Адушка. — Пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў у гандлёвай сетцы неаднаразова выяўляюцца святлодыёдныя лямпы, на ўпакоўцы якіх ўказаны недакладныя звесткі.