У Беларусі ўжо гатовыя чарнавыя варыянты праектаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Дакументы абмяркоўвалі на пасяджэнні міжведамаснай экспэртнай камісіі па ўдасканаленні мер адміністрацыйнай адказнасці, піша belta.by.
Напрыклад, на некаторых дарогах павялічаны хуткасны рэжым, аптымізавана выкарыстанне сродкаў фота- і відэафіксацыі дарожных парушэнняў.
«Мы прапануем усім смялей выключаць склады правапарушэнняў з асаблівай часткі кодэкса. Гэтага ж патрабуе прэзідэнт», — звярнула ўвагу намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.
У якасці прыкладу яна прывяла прыцягненне грамадзян да адказнасці за праходжанне мяжы з пратэрмінаванымі пашпартамі. На яе думку, дастаткова разгарнуць чалавека і адправіць назад, не варта караць яго штрафам. «Або прыцягваюць да адказнасці за тое, што ў пашпарт укладзеныя іншыя прадметы. На сённяшні дзень гэта, напэўна, ужо неактуальна», — лічыць яна.
Вольга Чупрыс распавяла, што ў праекце кодэксаў пакуль ёсць спрэчныя моманты і некаторыя недапрацоўкі, якія трэба будзе вырашыць працоўнай групе. На гэта ёсць два месяцы.
Чаму мяняюць кодэксы
Новыя варыянты кодэксаў распрацоўваюць на даручэнне Аляксандра Лукашенкі. На яго думку, важна забяспечыць стабільнасць адміністрацыйнага заканадаўства і рэалізацыю прафілактычных мераў. За няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 млн парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля 3,5 млн грамадзян — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва.