Гандлёвы цэнтр “Палац” бізнесмэна Станіслава Сямашкі адкрыецца 14 сакавіка на Калючынскай. Гэта другі аб’ект, які Сямашка запускае ў цэнтры Гродна за апошнія два гады.
Новы будынак узвялі з нуля. Ён з’явіўся на пустцы насупраць турмы, побач з месцам, дзе ў савецкія гады стаяў падобны будынак. Зямлю пад будаўніцтва бізнесмэн купіў за 255 тысяч долараў у канцы 2018 года. Пасля доўгіх абмеркаванняў яму ўзгаднілі праект. Будынак пабудавалі хутка – працы ішлі з траўня да лютага.
На цокальным паверсе новага гандлёвага цэнтра будуць працаваць аб’екты грамадскага харчавання: сушы-бар “Сушы-Вок”, бар “CRAFT” і бар-рэстаран “Paradise”. На першым – крамы і кафэ-пякарня. На другім паверсе таксама адкрыюцца гандлёвыя кропкі, на трэцім размесцяцца паслугі.
У канцы 2019 года стала вядома, што Сямашка купіў дом купца Мураўёва, які знаходзіцца ў непасрэдным суседстве двух іншых яго аб’ектаў. Цяпер распрацоўваецца праект рэканструкцыі будынка.





