У аптэках Гродна назіраецца дэфіцыт медыцынскіх масак. 28 лютага карэспандэнту Hrodna.life атрымалася выявіць маскі толькі ў аптэцы № 1 на Ажэшкі. У іншых аптэках горада, па заявах супрацоўнікаў, яны скончыліся.

Попыт на медыцынскія маскі ў гродзенскіх аптэках з’явіўся з пачаткам года, з усплёскам каронавіруса ў Кітаі.


Чытайце таксама: Коронавирус пришел и в Беларусь: инфицированный иранский студент прибыл самолетом из Баку


«Пра медыцынскія маскі пытаюцца пастаянна. У нас масак няма, але раніцай мы атрымалі 400 марлевых павязак. Cо скідкай яны прадаюцца за 1.10 р. Да 10:00 засталося палова. Бяруць па 10−20 штук», — распавялі ў аптэцы № 1.

У іншых аптэках горада паведамляюць, што пра маскі пытаюцца пастаянна, але завозяць іх рэдка. Паглядзець наяўнасць масак і павязак ў гродзенскіх аптэках можна на сайце tabletka.by

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўхваляе аднаразовыя медыцынскія маскі і павязкі: іх нашэнне «можа абмежаваць распаўсюд рэспіраторных вірусных інфекцый». Нагадаем, да такіх інфекцый адносяцца і ВРВІ (прастуды), і грып, і каронавірус новага тыпу. Аднак і спецыялісты СААЗ, і расійскія эксперты ўдакладняюць: ступень абароны, якую дае медыцынская маска здаровым людзям, адносна невысокая.