Гарадскія ўлады апублікавалі падрабязны план забудовы вуліцы Дубко, Дзяржынскага і завулка Дзяржынскага паміж абласным упраўленнем МНС і новым будынкам інтэрната ГрДУ. Праект выставілі на грамадскае абмеркаванне. Паводле плану там збіраюцца пабудаваць 1366 кватэр агульнай плошчай у 90,7 кв/га, дзе павінны размясціцца больш за тры тысячы чалавек.

Як паведамляе сайт Гродзенскага гарвыканкама, праект прадугледжвае максімальнае выкарыстанне тэрыторыі пад жылую шматпавярховую і грамадскую забудовы. Участак размешчаны ў паўночна-заходнім раёне горада, у зоне фарміравання змешанай грамадска-жылой шматкватэрнай забудовы. Тэрыторыя абмежаваная з поўначы вул. Дубко, з усходу — вул. Дзяржынскага, з поўдня і з захаду — ужо створанай забудовай і завулкам Дзяржынскага.

Агульная плошча жылога фонду складзе больш за 93 тысяч кв. метраў, грамадскай забудовы — каля 22,3 тысячы кв. метраў. У новым квартале прадугледжана ўсяго 1818 парковачных месцаў, з іх 630 будзе ў падземных паркінгах, а 300 — на шматузроўневай паркоўцы.

У Гродне насупраць OldCity з'явіцца жылы квартал на 1,3 тысячы кватэр

У Гродне насупраць OldCity з'явіцца жылы квартал на 1,3 тысячы кватэр

Грамадскія абмеркавання пачнуцца 28 лютага і працягнуцца да 23 сакавіка 2020 года. Больш падрабязна з праектам можна будзе азнаёміцца з 28 лютага па 13 сакавіка 2020 года ў вестыбюлі будынка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Вынікі абмеркаванняў падвядуць 18 ліпеня.


Заўвагі і (або) прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання прымаюцца ў пісьмовай або электроннай форме па наступных адрасах:

— Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, г. Гродна, пл. Леніна, 2/1 230 023, па электроннай пошце arhitektura@gorod.grodno.by або праз сэрвіс «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама grodno.gov.by;

— Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама: пл. Антонія Тызенгаўза, 3 230 023, г. Гродна, тэл. 72−02−71 — сакратар камісіі Барэйка Вольга Уладзіміраўна.