Міністэрства аховы здароўя з 25 лютага ўзмацніла санітарна-эпідэміялагічны нагляд з-за каронавіруса COVID-19 ў еўрапейскім рэгіёне і іншых краінах свету, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства. Узмоцнена правяраюць пажарожнікаў, якія прыбываюць з Італіі і закрытых на каранцін краін.
Унесены дапаўненні ў «Комплексны план мерапрыемстваў па папярэджанні завозу і распаўсюджвання каронавіруса COVID-19». Узмоцнены меры бяспекі, арганізаваны дадатковы пункт санітарна-каранціннага кантролю і забора матэрыялу для лабараторных даследаванняў у Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства спорту і турызму рэкамендуюць грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад наведвання паўночных рэгіёнаў Італіі, дзе аб’яўлены каранцін.
Студэнты і работнікі з Кітая ў Беларусі
На сёння санітарна-каранцінны кантроль на дзяржаўнай мяжы Беларусі прайшлі больш за 568,5 тыс. чалавек, з іх каля 1,1 тыс. знаходзіліся ў Кітаі апошнія 14 дзён. У 27 выпадках былі выяўлены сімптомы рэспіраторнага захворвання, па выніках лабараторнага даследавання каронавірус выяўлены не быў. Санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы працягваюцца.
Па дадзеных міністэрства, у Беларусь прыбылі 325 студэнтаў з Кітая. З іх 141 зараз знаходзіцца пад медыцынскім наглядам ў САК «Брыганціна» і ў Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е». Пры гэтым за 184 студэнтамі медыцынскае назіранне спынена.
На сёння ў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» з Кітая прыбылі 196 работнікаў, у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — 69. Арганізавана часовае ізаляванае размяшчэнне спецыялістаў, мінімізаваны іх кантакт з навакольнымі, вядзецца медыцынскае назіранне. У іх адсутнічаюць сімптомы інфекцыйных захворванняў, запэўніваюць медыкі.
2,1 тыс. выпадкаў захворвання ў 28 краінах
Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай камісіі аховы здароўя КНР, па стане на 8.00 24 лютага зарэгістравана 77.262 выпадкі захворвання. Кітайскія ўлады паступова бяруць сітуацыю пад кантроль. Ужо абвешчана аб зніжэнні ўзроўню пагрозы заражэння каронавірусам у асобных правінцыях краіны.
У той жа час пацвердзіліся больш за 2,1 тыс. выпадкаў захворвання ў 28 краінах, сярод іх — Аўстралія, Германія, Канада, ЗША, Расія, Швецыя, Вялікабрытанія і іншыя.