Дзіўная гісторыя адбылася з гродзенцам Яўгенам, які ў канцы 2019 года дапамагаў рабіць рамонт у адной з новых трэнажорных залаў горада. Мужчына сцвярджае, што пасля таго, як ён прыйшоў да адміністрацыі за аплатай, яго моцна збілі, а пасля выставілі вымагальнікам. У выніку ў гродзенца зламаны нос і ёсць праблемы з вокам. Ён звярнуўся па дапамогу ў міліцыю.
У трэнажорнай зале Яўген слаў каўралін. За працу яму павінны былі выплаціць каля 600 долараў. Частку яму аддалі, а астатняе абяцалі выплаціць пазней. 22 лютага мужчына стэлефанаваўся з адміністрацыяй і дамовіўся прыйсці ў залу.
«Калі я прыйшоў чарговы раз спытаць пра грошы, адзін з трэнераў залы Артур падбег з нейкімі прэтэнзіямі. Слова за слова, прапанаваў выйсці пагаварыць. Я адмовіўся, тады ён ударыў мяне рукой па твары, я ўпаў і ён ударыў мяне нагой. У выніку ў мяне зламаны нос і пашкоджана вока. І цяпер гэтыя людзі спрабуюць выставіць мяне вымагальнікам, запалохваюць майго сведку. Кажуць, што я ім пагражаў. Але з майго боку не было ніякіх пагроз, я прыйшоў за сваімі сумленна заробленымі грашыма. Гэтыя людзі проста хочуць сысці ад адказнасці, але я ў мяне ёсць усе запісы размоў», — распавёў Яўген.
Яўген плануе пакараць крыўдзіцеляў і атрымаць ад іх кампенсацыю за прычыненую здароўю шкоду. Адміністрацыя трэнажорнай залы мае зусім іншую версію таго, што адбылося з Яўгенам.
«Так, ён у нас працаваў. Засталіся павінны яму каля 170 долараў. Гатовыя былі яму перадаць гэтую суму, але ён не падымаў трубку, — распавядае прадстаўнік трэнажорнай залы Віктар. — У выніку ён прыйшоў сам да нас у залу, пры гэтым быў п’яны. Зайшоў у залу, потым пайшоў. І каля залы накінуўся на нашага трэнера Артура, які ішоў на трэніроўку. Артур вывернуўся, той упаў і ўдарыўся тварам аб асфальт. Я асабіста яму даваў ручнік і аказваў дапамогу.
Зараз гэты чалавек сцвярджае, што яго збіў наш трэнер. Ёсць сведкі ў трэнажорнай зале, якія бачылі як усё адбылося і яны гатовыя пацвердзіць мае словы. Зараз гэты чалавек просіць 1500−2000 долараў на лячэнне. Гэта нармальна? А нагаварыць можна ўсё што заўгодна".
Вядома, што камеры відэаназірання ў момант інцыдэнту ў трэнажорнай зале не працавалі. Міліцыя разбіраецца ў сітуацыі.