Беларускі ўрад дазволіў тром беларускім цэментным заводам перакласці працэнты па сваіх крэдытах у 2020 годзе на рэспубліканскі бюджэт, піша euroradio.fm. Адпаведная пастанова Саўміна тычыцца «Беларускага цэментнага завода», «Крычаўцэментнашыфера» і «Краснасельскбудматэрыялаў», а таксама «Гродзенскага шклозавода».

Дзяржава будзе выплачваць працэнты па крэдытах цэментных заводаў у беларускіх рублях 3 у памеры стаўкі па крэдыце, але не больш за 100% стаўкі рэфінансавання, а ў валюце — у памеры стаўкі па крэдыце, але не больш за 7% гадавых.

Таксама бюджэт заплаціць частку працэнтаў па крэдытах ААТ «Гродзенскі шклозавод»: у беларускіх рублях — у памеры 50% стаўкі рэфінансавання, у замежнай валюце — у памеры 50% стаўкі па крэдыце. «Вызваленыя» сродкі папоўняць «абаротку» прадпрыемства.

З дадаткаў да пастановы вынікае, што ААТ «Беларускі цэментны завод» на 1 снежня 2019 года павінен па крэдытах «Беларусбанка» каля $ 44,5 мільёнаў і каля 40,5 мільёнаў рублёў; даўгі ААТ «Крычаўцэментнашыфер» таму ж банку складаліў $ 195,5 млн; а ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» павінна амаль 5 млн рублёў «Банку развіцця» і яшчэ каля $ 27 млн, 1,1 млн еўра і 10,8 мільёна рублёў «Беларусбанку».

Сумарны доўг ААТ «Гродзенскі шклозавод» на 1 снежня 2019 года — $ 1 млн, 757 тысяч еўра і каля 1,9 млн рублёў. Яго крэдытор — ААТ «АСБ Беларусбанк».