Экспарт турыстычных паслуг у Гродзенскай вобласці ў 2019 годзе ўзрос больш чым на 10% і перавысіў $ 15 млн. Пра гэта паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкам Алег Андрэйчык перад выніковай калегіяй аб развіцці галіны.
«У 2019 годзе мы перайшлі мяжу ў $ 15 млн экспарту турыстычных паслуг, хоць яшчэ пяць гадоў таму, для параўнання, не дасягалі і $ 5 млн, — сказаў Алег Андрэйчык. — За гэтымі лічбамі стаіць вялікая праца». Паводле яго слоў, дае свой плён і бязвізавая тэрыторыя, якая дзейнічае па ўсёй Гродзенскай вобласці. У 2019 годзе рэгіён наведалі каля 130 тыс. бязвізавых турыстаў, у 2018-м іх было каля 92 тыс. Агульная ж колькасць гасцей у мінулым годзе перавысіла паўмільёна.
«Прыкметны і эканамічны эфект. За апошнія гады ў сферах паслуг і турызму створана звыш 2 тыс. працоўных месцаў. Актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнэс у гэтым кірунку, расце колькасць аграсядзіб, з’яўляюцца новыя турыстычныя маршруты, формы паслуг», — адзначыў Алег Андрэйчык.
Улады лічаць, што рэгіёну трэба і далей удасканальваць турыстычную інфраструктуру. У першую чаргу развіваць сферу гасціннасці: нягледзячы на тое, што новыя аб’екты ўводзяцца ўвесь час, у рэгіёне пакуль не хапае сучасных камфортных гасцініц. Трэба таксама больш актыўна рыхтаваць кадры для турыстычнай сферы.