У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Гродне і найбуйнейшых гарадах Беларусі - Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве і Мінску — з’явіцца серыя незвычайных мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».
Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб'ектаў - вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.
Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый — ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.
Для інсталяцыі ў Гродне падабрана спалучэнне жоўтага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў. Яе плануецца размясціць на вуліцы Маставой. Дынаміка і яскравасць колеравай гамы Гродзеншчыны тлумачацца сучасным іміджам рэгіёна — памежнага, актыўнага і жывога горада. Але ў той жа час нагадвае і пра яго ўзгорыстую мясцовасць, старажытныя помнікі мураванай архітэктуры, традыцыі кавальства.
Такім чынам, для інсталяцыі ў Брэсце выбраны зялёны, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны колеры. Там яна будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. «МОВА» ў Віцебску, выканананая ў характэрных колерах творчага аб’яднання УНОВІС, з’явіцца перад мостам 1000-годдзя. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з літар блакітнай, жоўтай, шэрай, чырвонай і чорнай расфарбоўкі. У Мінску — сіняй, зялёнай, жоўтай, чырвонай і чорнай. Месца размяшчэння арт-аб'екта яшчэ ўдакладняецца. Для Магілёва выбрана спалучэнне зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. Там інсталяцыя ўпрыгожыць Траецкую набярэжную.
Ва ўсіх гарадах арт-аб'екты з’явяцца ўвесну.