Актывісты 19 лютага падалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне Дня Волі ў Каложскім парку ў суботу, 21 сакавіка з 13.00 да 18.00. Заяўку падпісалі чатыры гродзенца. Для правядзення мерапрыемства ў Каложскім парку не патрэбен дазвол уладаў, тут дзейнічае паведамляльны прынцып. Але арганізатары павінны заплаціць за працу аховы правапарадку, хуткай дапамогі і камунальных службаў.
Аргкамітэт прапануе адзначыць Дзень Волі гарадскім фэстам-квэстам з наборам цікавостак.
Сёлета сцэну плануюць не рабіць цэнтральнай кропкай прыцягнення. Плануюцца палітычныя і культурныя прамовы, музыкальныя выступы. У планах уключыць у фестываль гандлёвы кірмаш, фудкорт, дзіцячую пляцоўку. Актывісты хочуць бачыць рэканструктараў, фотазону, ціры. У планах аргкамітэту выкарыстаць набор адметнасцяў, які вылучыць Дзень Волі з шэрагу іншых мерапрыемстваў, якія будуць праводзіць па ўсёй Беларусі. Кшталту пашпартоў БНР і візаў гродзенцаў, якія атрымаюць самыя актыўныя.
— Працы на месяц вельмі шмат і мы запрашаем усіх далучацца з самымі рознымі ідэямі, нават невыканальнымі, — піша Вадзім Саранчукоў. Актывісты збіраюць прапановы па актыўнасцях і гуртах, якія гродзенцы хочуць убачыць на мерапрыемстве. Свае пажаданні можна пакідаць у сацсетках тут і тут.
Падтрымаць свята з Беларусі можна праз краўдфандынг. Хутка з’явяцца замежныя рэквізіты. Паводле падлікаў актывістаў, свята абыйдзецца ў 15 000 BYN. Грошы патрэбныя на:— аплату аховы правапарадку,
— ганарары музыкам ды рыцарскім клубам,
— аплату гукаўзмацняльнай апаратуры,
— аплату хуткай дапамогі і камунальных службаў.
Заяўка на Дзень Волі ў Мінску пададзена на 22 сакавіка. То бок гродзенцы маюць магчымасць наведаць два святы. Таксама 22 сакавіка ў Вільні плануецца мерапрыемства да гадавіны забойства Кастуся Каліноўскага.
25 сакавіка 1918 годзе ў Мінску была створана Беларуская Народная Рэспубліка. Гродна ў 1919 годзе стаў другой сталіцай БНР. Грамадскія актывісты разам з жыхарамі гораду ў 2018 і 2019 годзе адзначылі 100 і 101 угодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі канцэртам і Вялікім святам у Каложскім парку.