Найстарэйшы ў Беларусі чыгуначны мост, які знаходзіцца ў Гродне, за сваю гісторыю разбуралі тры разы — у пачатку Першай сусветнай вайны і два разы падчас Другой. У інтэрнэце ёсць унікальнае відэа, як яго аднаўляюць немцы ў 1942 годзе.

Гэта відэа нам даслаў Томэк Вішнеўскі, прадстаўнік сайта jewishbialystok.pl. Ён яго знайшоў у адным з нямецкіх архіваў і некалькі гадоў таму выклаў у інтэрнэт.

Чыгуначны мост у Гродна быў пабудаваны ў 1866 годзе для лініі Санкт-Пецярбург — Варшава. Ён перакінуты праз раку Нёман у раёне Падольнай вуліцы на правым беразе і Збажовай вуліцы на левым.

https://www.youtube.com/watch?v=eexEL08l9I8&list=PLEBD8981797EF2AC1&index=3&t=0s

Першы раз мост узарвалі пры адступленні рускія салдаты ў 1915 годзе. Немцы часова аднавілі мост у 1918 годзе з дапамогай драўляных апор. Толькі ў 1926 годзе палякі аднавілі мост канчаткова, пры гэтым узмацніўшы апоры.

Другі раз мост пацярпеў у 1941 годзе, яго падарвалі ўжо савецкія салдаты пры адступленні. У тым жа годзе немцы сталі адбудоўваць мост і ў 1942 годзе па ім зноў пайшлі цягнікі, у асноўным вайсковыя.

У 1944 годзе пры адступленні немцы ўзарвалі мост. Канчаткова збудаванне праз Нёман аднаўлялі пасля вайны. Сёння гэта адзіны чыгуначны мост Гродна. Штодня па ім ездзяць грузавыя і пасажырскія цягнікі.