У Астраўцы — райцэнтры Гродзенскай вобласці — зашкальваюць цэны на арэнднае жыллё. За двухпакаёвую кватэру хочуць $ 878 на месяц, і аб’яў з лічбамі такога парадку ў інтэрнэце нямала.

Пры гэтым «двушка» ў абласным цэнтры будзе каштаваць $ 250-$ 300 у месяц, піша euroradio.fm. У чым справа?

Недалёка ад Астраўца ўжо некалькі гадоў будуецца атамная электрастанцыя. Мясцовыя жыхары куюць жалеза, пакуль яго гарачае.

"Двушка" за $800. Чаму кошты на жытло ў Астраўцы вышэй, чым у Мінску
Скрыншоты / Сяргей Гудзілін
"Двушка" за $800. Чаму кошты на жытло ў Астраўцы вышэй, чым у Мінску
Цэны на жыллё ў Астраўцы / Скрыншот Еўрарадыё

Анамальна высокія цэны заўважыў фатограф Сяргей Гудзілін. «Неяк нават смешна ўсведамляць, што, у прынцыпе, можна здаць двушку ў Астраўцы і на розніцу паспрабаваць прыстойна жыць у Мінску», — напісаў ён. «Гэта долары ці рэнтгены?» — жартуюць у каментарах.

Кошты звязаныя з недахопам жытла для будаўнікоў АЭС. Як пісалі naviny.by у 2016 годзе, у горадзе тады працаваў толькі адзін гатэль, было пару інтэрнатаў. Але месцаў для ўсіх там не хапае, і будаўнікі здымаюць кватэры.

Праз неверагодны попыт цэны на арэнду жылля тут вышэй, чым у Мінску. 150 даляраў (ад 100 тысяч недэнамінаваных рублёў у дзень, у коштах на люты 2020 — 330 рублёў) каштуе адно койка-месца ў пакоі. І гэта яшчэ старыя кошты, запэўнівае гаспадыня адной з здымных кватэр.

Паводле яе слоў, у апошні час цэны на здымнае жыллё ў Астраўцы ўпалі. Раней за кватэру прасілі і па 1000 даляраў у месяц. Але праз тое, што пабудавалі цэлы мікрараён, многія арганізацыя здымаюць кватэры для супрацоўнікаў у новабудоўлях.

«Хаця ўсё роўна кватэру ў Астраўцы вы цяпер ня набудзеце. Двухпакаёвая абыйдзецца як мінімум у 50 тысяч даляраў. А калісьці і за 25 тысяч было не прадаць».