У Мінску студэнтаў, якія вярнуліся з Кітая з вакацый, часова размяшчаюць у санаторыі БДУ «Брыганціна» каля Радашковічаў. З Гродна ў Кітай выехаў толькі адзін студэнт.

Як распавяла прэс-сакратарка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Кішкель, ва ўніверсітэце навучаюцца 25 студэнтаў з Кітая. Дадому ад’язджаў толькі адзін з іх, ён яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Кітая. Кіраўніцтва ўніверсітэта прапанавала яму працягнуць вакацыі, але рашэнне ён прыме сам. У ГрДУ паведамілі, што сам універсітэт не будзе займацца арганізацыяй карантыну.

Намдэкана факультэта замежных навучэнцаў пацвердзіў, што ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце студэнтаў з Кітая няма, у аграрным універсітэце — таксама.

Якпісаў раней t*t.by, некаторыя студэнты, якія вярнуліся з Кітая, жывуць у інтэрнатах, але для іх выдзелілі асобныя блокі. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік растлумачыў, што для тых навучальных устаноў, дзе няма магчымасці пасяліць такіх студэнтаў асобна, і прапанавалі прафілакторый БДУ — «Брыганціна». Сёння там размешчаны 47 чалавек. Каранік таксама лічыць, што рызыка завозу ў Беларусь новага віду каранавірусуа мінімальная, аднак па правілах два тыдні яны павінны жыць асобна і пад наглядам медыкаў. Спецыялісты кажуць, што гэта не каранцінная зона, а падстрахоўка, паведамляе ont.by.

Паводле Мінадукацыі, у Беларусі вучацца каля 5 тыс. студэнтаў з Кітая. На вакацыі за межы краіны выехалі 920 чалавек, піша belta.by.

Паводле звестак Нацыянальная камісія Кітая па ахове здароўя, агульная колькасць азхвяраў віруса склала 1016 чалавек, з іх 108 памерлі за апошнія суткі. Агульная колькасць выпадкаў заражэння дасягнула 42 638 чалавек. Шпіталізаваны 37 726 чалавек, з іх 7 333 — у цяжкім стане. Ачунялі 3 996 чалавек.