«Карту госця» адзінай бязвізавай зоны «Брэст — Гродна» плануюць увесці ў Беларусі да пачатку турыстычнага сезону, паведамляе minsknews.by.
— Новы фармат карты будзе адрознівацца ад астатніх тым, што ў яго ўвойдуць прывабныя для турыстаў аб’екты, размешчаныя толькі ў гэтых рэгіёнах, — распавёў дырэктар «Мінгардаведка» Барыс Васільеў. — Разам з мясцовымі ўладамі мы стараемся пашырыць пералік такіх аб’ектаў для гасцей, якія прыязджаюць па бязвізу. Гаворка ідзе як пра музеі, помнікі архітэктуры і гісторыі, культавыя збудаванні, так і аб пунктах спадарожнага сэрвісу. Чым большы іх выбар, тым цікавей гэта для замежнікаў. Інфармацыя пра аб’екты, якія ўвойдуць у «Карту госця» адзінай бязвізавай зоны, будзе размешчана на адпаведным рэсурсе. Ён зараз дапрацоўваецца. Нагадаю, па «Карце госця» нашы партнёры прадастаўляюць наведвальнікам зніжкі і бонусы.
Наконт тэрміну дзеяння карты новага фармату яснасці пакуль няма. Паводле інфармацыі турфірмаў, якія працуюць у гэтым кірунку, многія замежнікі прыязджаюць у Гродзенскую і Брэсцкую вобласці на некалькі дзён. Але кіраўнік прадпрыемства не выключае, што такая карта можа дзейнічаць і на працягу ўсяго перыяду бязвізу.