Гродзенец купіў Dodge Grand Caravan. На мяжы з Літвой машыну адправілі на сканер. У аўто выявілі схованкі, аб якіх кірошца нават не падазраваў. Паколькі забароненых рэчываў у схованках не аказалася, мужчыну адпусцілі, а машыну занеслі ў базу, распавялі аператыўнікі крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Такое «прывітанне» ад старога гаспадара знервавала аўтаўладальніка, і ў яго саспеў план. Па словах аператыўнікаў, мужчына купіў аўтамабіль-блізнюк, які адрозніваецца толькі па колеры: яго «амерыканец» быў зялёным, а новы — бардовым. Уладальнік памяняў кузаў у новай машыны і перафарбаваў у зялёны колер.
Маючы дакументы на зялёны Dodge Grand Caravan, толькі ўжо без «сюрпрызаў», мужчына выехаў у Літву ў надзеі, што махлярства не заўважаць. Але так як аўтамабіль ужо быў у базе, пры паўторным даследаванні супрацоўнікі мытні выявілі нестыкоўкі: схованкі бясследна зніклі. А пры дэталёвым аналізе былі знойдзеныя бардовыя ўчасткі кузава.
За падробку ідэнтыфікацыйнага нумара і выкарыстанне падробленых дакументаў распачатыя крымінальныя справы.