Чым павінны быць абсталяваныя зоны чакання на мяжы, як яны мусяць выглядаць і хто праедзе без чаргі, замацавалі пастановай Саўміна ад 15 верасня 2022 года № 607. Дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Некаторыя змены ўступаюць у сілу ўжо на днях, некаторыя — толькі праз год.

Колькі плаціць за электронную чаргу

З 23 верасня больш нельга будзе заняць чаргу на канкрэтны перыяд часу праз платнае браніраванне. Усе машыны будуць заязджаць у зону чакання па жывой чарзе. Плаціць за рэгістрацыю ў электроннай чарзе абавязалі ўсіх.

Згодна з дакументам, плата за рэгістрацыю ў сістэме электроннай чаргі складзе 1 базавую велічыню (32 рублі) — за кожны грузавы транспартны сродак і аўтобус і 0,3 базавай велічыні (9,6 рублёў) за кожны легкавы аўтамабіль, матацыкл і мапед. Плата за рэгістрацыю спаганяецца за кожны транспартны сродак, які ўязджае ў зону чакання. Таксама з 2021 года з кожнай машыны бярэцца мясцовы збор за перасячэнне мяжы — 1 базавая велічыня.

Рэгістрацыя ў сістэме электроннай чаргі пры ўездзе ў зону чакання ажыццяўляецца ў парадку чарговасці паасобна па катэгорыях транспартных сродкаў (матацыклы і мапеды, легкавыя аўтамабілі, грузавыя транспартныя сродкі, аўтобусы).

Хто можа ехаць без чаргі

Ад уезду ў зону чакання і рэгістрацыі там з 23 верасня вызваляюцца:

  • Інваліды Айчыннай вайны, удзельнікі вайны, інваліды I групы, а таксама асобы, якія едуць з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў (акрамя тых, хто едзе ў аўтобусах, якія выконваюць перавозкі ў нерэгулярных спалучэннях);
  • Фізічныя асобы, якія едуць па дыпламатычных пашпартах, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, консульскіх устаноў, а таксама члены іх сем’яў, акрэдытаваныя ў Міністэрстве замежных спраў, незалежна ад тыпу пашпарта іх уладальнікаў пры перамяшчэнні транспартнымі сродкамі з дыпламатычнымі (консульскімі) рэгістрацыйнымі знакамі Рэспублікі Беларусь (серыі CD і CC);
  • Фізічныя асобы, якія едуць па службовых пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь.

З зоны чакання без чаргі таксама дазваляецца выязджаць фізічным асобам, што едуць з дзецьмі да 3 гадоў, (выключэнне — тыя, хто едзе ў аўтобусах, якія выконваюць перавозкі ў нерэгулярных спалучэннях), транспартным сродкам «Белпошты» і грузавікам, якія ажыццяўляюць перавозку грузаў павышанай небяспекі.

У зоне чакання з’явяцца пральні і банкаматы

Дакумент вызначыў, якой павінна быць зона чакання на мяжы Беларусі. Яна мусіць знаходзіцца як мага бліжэй да пункта пропуску. Яе павінны будуць абгарадзіць, абсталяваць аўтаматычнымі шлагбаўмамі, павінны быць зручныя пад’язныя шляхі.

Яе павінны абсталяваць таксама будынкамі прыдарожнага сэрвісу, санітарным блокам (прыбіральні, душавыя, у пунктах пропуску для грузавікоў — пральні), кабіны для курэння, месцы, адведзеныя для адпачынку, пляцоўка для кантэйнераў з раздзельным зборам смецця.

Таксама там павінны ўсталёўваць банкаматы або інфакіёскі, тэлевізійныя прылады для прадастаўлення аўдыё- і відэаінфармацыі, у тым ліку аб парадку функцыянавання сістэмы электроннай чаргі, парадку перасячэння дзяржмяжы.

Пры руху праз адпаведны пункт пропуску легкавых аўтамабіляў павінны быць у наяўнасці не менш за дзве электразарадныя станцыі для электрамабіляў.

Павінна быць усталявана вонкавае асвятленне, сістэма супрацьпажарнай сігналізацыі і пажаратушэння, відэаназіранне, сістэма распазнаванне нумароў аўтамабіляў і сродкі сістэмы электроннай чаргі.

Патрабаванні ўступяць у сілу з 15 верасня 2024 года.

З 1 верасня 2022 пастанавілі, што транспартнаму сродку, якое пасля рэгістрацыі ў чарзе пакідае зону чакання, анулююць чаргу. Зараз зарэгістравацца ў сістэме і з’ехаць дадому, адсочваючы чаргу праз сайт «Белмытсервіса», стала немагчымым.

Чытайце таксама: